Рыхтуемся да 8 Сакавіка. Хіт сезона - букет мікс

5 марта 2018

Тут праца кіпіць з кастрычніка дзеля аднаго - жаночага - дня ў сакавіку. Кожную цыбуліну высаджвалі ўручную, стваралі для раслін усе ўмовы, каб тыя распусціліся роўна да 8 Сакавіка. Вікторыя Патоня пабывала ў маленькай Галандыі і даведалася, якія кветкі хіт сезона.

Сапраўды жаночую кветку - капрызную, але цудоўную - у гэтай брэсцкай аранжарэі вырошчваюць выключна дамы. Каб атрымаць ураджай да свята, у руж строгі рэжым: паліў, падкормка, тэмпература не ніжэйшая за 25 градусаў і нават сон у прызначаны час. Колеравая гама - ад папулярных бардо да жоўтых і белых з акцэнтамі. Усяго больш за 30 тысяч кустоў 10 сартоў.

Каб атрымаць добры ўраджай кветак да 8 Сакавіка, аграномы стараюцца з кастрычніка. Гавораць, што патрэбныя не толькі якаснае насенне, але і клапатлівыя рукі. Гіяцынты, нарцысы, прымулы. Апроч класічных зрэзаных - руж і цюльпанаў - спецыяльна да свята ў цяпліцах камунальнай службы горада вырасцілі каля 5 тысяч падарункаў у вазонах.

Але галоўны сімвал вясновага свята - цюльпан. Букеты збіраюць за два тыдні. І захоўваюць у халадзільніках пры тэмпературы каля 2 градусаў.

У сям'і Намейка кветкавым бізнесам заняліся пяць гадоў таму. На прысядзібным участку паставілі цяпліцу, усе 23 тысячы цыбулін саджалі ўручную. Тут упэўненыя: галандскія кветкі можна паспяхова вырошчваць на беларускай зямлі.

Бліжэй да свята ў цяпліцах кіпіць праца. Нягледзячы на тэмпературны мінус за акном, на плантацыі горача. Нарыхтоўка кветак ідзе нават ноччу. Галоўнае - захаваць бутон, не даць яму да канца раскрыцца.

Для сям'і Намейка гэта, хутчэй, хобі і спосаб падзарабіць. Дзеля аднаго дня ў годзе, калі цюльпаны самы хадавы тавар, яны гатовыя не спаць начамі. Абаграваць цяпліцу пачынаюць з Раства, зрэзка доўжыцца каля 2 тыдняў.

Хіт сезона - букет мікс. Цюльпаны розных колераў і адценняў. І ўсё ж, упэўнены кветкаводы, галоўнае ў гэты дзень не падарункі і сюрпрызы, а шчырасць эмоцый.