Новы аб'ект разлічаны на 36 сабак і столькі ж катоў. Для кожнай жывёліны прадугледжана асобнае месца, выгул і харчаванне – па дамоўленасці з уладальнікам гадаванца. Аб тым, як будзе працаваць новая ўстанова, у рэпартажы Антаніны Станкевіч.
Неабходнасць у такой установе ў горадзе наспела даўно – сцвярджае дырэктар прадпрыемства "Фаўна горада". А таму ўзвядзенне новай гасцініцы для чатырохлапых можа стаць сапраўдным падарункам для ўладальнікаў хатніх гадаванцаў, асабліва калі іх няма з кім пакінуць падчас камандзіроўкі альбо адпачынку.
Акрамя звычайных асобных пакояў, тут прадугледжаны 4 віп-зоны для вялікіх сабак. Для кожнай жывёліны абсталявана спецыяльная пляцоўка для выгулу. Так што, перашкаджаць адзін аднаму сабакі не будуць.
Для работы ў гасцініцы набіраюць новы штат – а гэта 12 чалавек. І галоўнае правіла – сустракацца хатнія гадаванцы і тыя, што ўтрымліваюцца ў "Фаўне горада", не будуць. Ды і прымаць у гасцініцу будуць толькі цалкам здаровых сабак і катоў.
Спецыялісты Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі сцвярджаюць: на гэты раз адтэрміновак не будзе. Гасцініца адкрыецца да канца года. Будаўнічыя работы цалкам скончаныя, засталіся хіба што дробязі: расставіць мэблю і яшчэ раз правесці генеральную ўборку.
Акрамя таго, на базе новай гасцініцы плануецца і шэраг дадатковых паслуг. Праектам прадугледжаны некалькі памяшканняў пад цырульню, ветэрынарны кабінет і аптэку, а частку адкрытай пляцоўкі абсталююць спецыяльнымі снарадамі для навучання сабак аджыліці.













