Госці і ўдзельнікі Еўрагульняў-2019 змогуць прыехаць у Беларусь без віз

3 апреля 2017

Пра гэта сёння заявіў міністр спорту і турызму. Акрамя таго, Аляксандр Шамко падкрэсліў, што толькі сёлета ў нашай краіне пройдзе больш за 80 міжнародных спартыўных падзей. І ўсё дзякуючы ўвядзенню бязвізавага рэжыму.

На дадзены момант Беларусь наведалі каля 8 тысяч іншаземцаў без адзнакі ў пашпарце. Таксама новаўвядзенне прываблівае і бізнесменаў. Паводле слоў Аляксандра Шамко, узровень дзелавой актыўнасці ў краіне прыкметна павялічыўся.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі:

"Турызм - гэта эканамічны складальнік нашай краіны, гэта магчымасць правядзення розных бізнес-форумаў, а адпаведна атрыманне інвестыцый і іншых магчымасцяў. Таму развіццё турызму, стварэнне ўмоў з'яўляецца важным патэнцыялам нашай краіны і ў росце эканомікі. У нашай краіне ёсць што паглядзець, аграэкасядзібы сталі ўжо такім брэндам у нашай краіне. У нас шмат месцаў гістарычных, якія прывабліваюць сюды турыстаў".

Таксама сёння прадстаўнікі міністэрства паведамілі, што да канца года будуць унесены змяненні ва ўказ аб пяцідзённым бязвізавым рэжыме.

Тэрміны знаходжання іншаземцаў, якія прылятаюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт, будуць павялічаны. На колькі - пакуль не вядома. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць адмены віз для наведвання Брэста турыстам, якія накіроўваюцца ў Белавежскую пушчу цераз наземны пункт пропуску. Для экскурсіі ў сам запаведнік, нагадаем, візы не патрэбныя з 15-га года.