Дзяржпагранкамітэт Беларусі растлумачыў правiлы наведвання памежнай паласы без выплаты дзяржпошліны

29 апреля 2017

Дзяржпагранкамітэт Беларусі растлумачыў, хто з беларусаў зможа наведваць памежную паласу без выплаты дзяржпошліны. Пералік вызначаны ўказам, які напярэдадні падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Як растлумачылі ў ведамстве, бесперашкодны выезд у памежную паласу атрымаюць жыхары навакольных вёсак, людзі, якія маюць там нерухомасць, сваякі, што наведваюць могілкі, і асобы, што выконваюць у ахоўнай зоне свае службовыя абавязкі. Выплачваць дзяржпошліну таксама не трэба будзе наведвальнікам дазволеных масавых мерапрыемстваў, арганізаваных у пагранпаласе. Акрамя таго, тэрмін дзеяння пропуску павялічаны з аднаго да двух гадоў. Змены закранулі і гасцей з-за мяжы.

Іван Сяргееў, старшы афіцэр 1-га галоўнага ўпраўлення Дзяржпагранкамітэта Беларусі: 

"Дзяржаўная пошліна для замежных грамадзян складае 0,4 базавай велічыні. Акрамя таго, выезд у памежную паласу для замежных грамадзян, а таксама для некаторых катэгорый спрошчаны. Маюць права на бясплатны выезд у памежную паласу на атрыманне пропуску замежныя грамадзяне, якія маюць пахаванні сваякоў у памежнай паласе, таксама грамадзяне замежныя, якія ўжо атрымалі пропуск у памежную зону, адпаведна, аплацілі дзяржпошліну, і замежныя грамадзяне, што ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, якія дазволеныя мясцовымі органамі ўлады".

Што ж датычыцца працэдуры афармлення пропуску, то яна не змянілася. Каб атрымаць права на бясплатнае наведванне пагранпаласы, дастаткова напісаць заяву ў мясцовы орган пагранслужбы і падаць пашпарт. Максімальны тэрмін разгляду дакументаў - 5 працоўных дзён.