Дзяржкантроль заяўляе пра маштабныя праблемы ў ільняной галіне

16 сентября 2014
Праз шэраг недапрацовак і парушэнняў бюджэт губляе мільёны долараў. Неабдумана набытая тэхніка гадамі не выкарыстоўваецца, а сыравіна часта дрэнна перапрацоўваецца. Чаму мы губляем беларускае золата?

Разбіраўся Якаў Бута.

Аптымальная канструкцыя, высокая эфектыўнасць, але, нягледзячы на гэта, сеялка ўжо колькі гадоў прастойвае ў Валожынскім раёне. Замест таго каб укласці грошы ў яе аднаўленне, кіраўніцтва ільняной галіны вобласці закупляе тэхніку, якая не прыстасавана для працы з гэтай культурай.

А вось гэтыя дзве пасяўныя машыны закупілі ў 2008. І з тых часоў яны прастойваюць. Гэта значыць, дзвесце пяцьдзясят мільёнаў проста ржавеюць у ангары. Пры тым, што куплялі іх за бюджэтныя грошы.

Цяперашні дырэктар ільнокамбіната адказнасць за пытанні па тэхніцы на сябе не бярэ. Кажа, прыйшоў на пасаду зусім нядаўна.

Алег Бобрык, дырэктар Валожынскага льнокамбіната: Мы даўным-даўно ў нашы абласныя структуры склалі спіс тэхнікі, якая нам на заводзе не патрэбна, яна была закуплена раней з нейкіх прычын, яна прастойвае. Мы прапанавалі: забярыце назад вытворцу гэтую тэхніку, забярыце на іншыя заводы.

А воз і зараз там. Забіраць, а ўжо тым больш купляць гэтую тэхніку ніхто не хоча. І Валожын - далёка не горшы прыклад. Гэта толькі адна з сур'ёзных праблем у галіне.

Валерый Скрыпкін, начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага комплексу Камітэта дзяржкантролю: Рэфармаванне галіны адбываецца ўжо гадоў 10, але аптымальная структура кіравання ёю так і не створаная. І ў выніку на сённяшні дзень ільнозаводы змушаныя самі вырошчваць лён на значных плошчах, а то і на 100%, на якіх яны сеюць па сваіх сыравінных зонах.

Усе гэтыя праблемы вядуць да таго, што якасць ільну ў сярэднім у паўтара разы ніжэйшая. Але ж патэнцыял, якім магла б скарыстацца краіна, - велізарны. Беларусь - чацвёртая ў свеце па вырошчванні ільну.