Дзяржкантроль зацікавілі адразу некалькі пяшчаных кар'ераў Мінскай вобласці

11 сентября 2014

Калі час - грошы, а грошы - пясок. У літаральным сэнсе. Дзяржкантроль зацікавілі адразу некалькі пяшчаных кар'ераў Мінскай вобласці. Дакладна - у Смалявіцкім і Слуцкім раёнах. Працы на ўчастках вяліся, скажам прама, дзіўна і рызыкоўна. Меры бяспекі не выконваліся, а на саму тэрыторыю то і справа заязджалі сумнеўныя самазвалы. Аднаму толькі Богу і шафёру вядома, куды вывозіўся пясок на тых машынах.


Праўда, на саміх кар'ерах лічаць, што прад'яўленыя прэтэнзіі крыху завышаныя. Калі б не іх дзеянні, то было б яшчэ горш. Што ж, тлумачэнні цалкам пераканаўчыя.


Што тояць у сабе нетры зямлі, калі сапраўды, глыбока капнуць, разбіраўся Дзмітрый Лукша.


Візіт нашай здымачнай групы на кар'ер Смалявіцкага раёна, мякка кажучы, дадаў тут мітусні. Некаторыя машыны паспяшаліся з'ехаць з участка, а іншыя, наадварот, пачалі-такі працаваць. Аднак, убачанае і без таго рэзала вока, быццам у яго трапіла пясчынка. Бульдозеры тут не здабываюць пясок, а, хутчэй, капаюць сабе магілу. Вышыня дапушчальнага казырка перавышае норму ў 5 разоў. У любы момант ён можа абрушыцца і ператварыць кар'ер у імправізаваны саркафаг.


Паводле адной з версій, доўгі час тут адгружалі скарб нейкай зацікаўленай або проста цікавай фірме. Па заніжаных цэнах. У выніку, як пясок скрозь пальцы прайшлі міма кас больш за паўмільярда рублёў.


Па сутнасці, уладальнікі гэтага кар'ера аказаліся вельмі сардэчнымі грамадзянамі. У момант нашага візіту мы не заўважылі ні абмежавальнага плота, ні прапускнога пункта, каб можна было сачыць, якая колькасць пяску вывозіцца. Здаецца, што тут усім рады. Як камерцыйным структурам, так і прыватнікам, якім, напрыклад, трэба будаваць дачу. Дык сапраўды, чаму б не дапамагчы людзям, калі яны ўмеюць папрасіць.


Пакуль у гадзінніках пясочных цёк пясок, мы чакалі кіраўніка ўсяго гэтага багацця. На жаль, але адказны за працу на кар'еры быў у гэты момант заняты нейкай іншай працай. Аддзімацца прыйшлося падначаленаму. Малады спецыяліст, паводле яго прызнання, і рад бы змяніць сітуацыю, ды толькі хто ж яму дасць.


Аднак дзеянні смалявіцкіх землякопаў цьмянеюць на фоне працы іх калегаў са Слуцкага раёна. Як паведамілі ў КДК, тут працаўнікі і ўвогуле вырашылі пашырыць свае пясочныя замкі і занялі тэрыторыю, якая не належала ім. У выніку, з падоранага ўчастка самазвалы вывезлі 44 тысячы кубаметраў пяску.


У абодвух выпадках, парушальнікаў раней ужо папярэджвалі. Маўляў, хопіць разводзіць з пяску алмазны пыл для ўласных кашалькоў. Ды і аб людзях трэба б задумацца. У якіх умовах ім прыходзіцца працаваць. На жаль, але прапановы, мабыць, не былі ўспрынятыя сур'ёзна. Што ж, цяперашняя праверка павінна канчаткова нагадаць генералам пяшчаных кар'ераў, што іх праца - павінна прыносіць карысць, а не нагадваць дзіцячую гульню ў пясочніцы.