Дзяржкамітэт па маёмасці запусціў новы інфармацыйны рэсурс

22 января 2015

Папяровыя даведкі аб адсутнасці нерухомасці для захавання правоў на чаргу ўжо непатрэбныя. Дзяржкамітэт па маёмасці запусціў новы інфармацыйны рэсурс. Зараз спісы тых, хто мае патрэбу ў жыллі, паступаюць у дзяржорганы аўтаматычна.

Пра працэдуру, якую спрасцілі ў разы, Вераніка Рымашэўская. Новая сістэма дазваляе за гадзіну праверыць да 35 тысяч чалавек. Так за паўдня можна атрымаць інфармацыю пра усіх чаргавікоў сталіцы. Па запыце даведка аб адсутнасці нерухомасці ў электронным варыянце аўтаматычна паступае ў дзяржорганы.

Дзяніс Жукаў, начальнік упраўлення Нацыянальнага кадастравага агенцтва: "Раней зверка праходзіла наступным чынам: асобы, якія маюць патрэбуьў паляпшэнні жыллёвых умоў, павінны былі звяртацца ў арганізацыі, што выдаюць інфармацыю наконт наяўнасці - адсутнасці правоў на аб'екты нерухомай маёмасці, атрымліваць гэтыя даведкі і падаваць гэтыя даведкі ў мясцовыя распарадчыя органы. І, безумоўна, на гэта патрэбны быў час, і грамадзяне павінны былі за гэтыя даведкі плаціць".

Раней зверка чаргі праходзіла раз на пяць гадоў, зараз яе праводзяць штогод. Прычым у мясцовых выканаўчых органаў ёсць усяго тры месяцы. Пазбавіўшы ад лішняга дакументаабароту, новая сістэма эканоміць час абодвух бакоў.

Сяргей Сянчук, намеснік дырэктара Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры: "Сама адміністрацыя раёна альбо аблвыканкам накіроўвае спіс у нашу арганізацыю, затым у аўтаматычным рэжыме спісы звяраюцца, дапаўняюцца і адпраўляюцца ў той орган, што вядзе ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў".

Аўтаматызаваную сістэму могуць выкарыстоўваць па ўсёй краіне. Папяровыя даведкі аб адсутнасці нерухомасці для захавання правоў на чаргу ўжо непатрэбныя. Зрэшты, спрашчэнне такіх працэдур стала тэндэнцыяй апошніх гадоў. Дзяржаўны камітэт па маёмасці пастаянна працуе над новымі праграмамі.

Ёсць і тыя, якія ўжо папулярныя. Напрыклад, інфармацыю наконт кадастравага кошту зямельных участкаў, а таксама наконт падатковай базы ўчастка можна атрымаць дыстанцыйна, на спецыяльным інтэрнэт-рэсурсе, дзе ў пікавыя дні фіксуюць да 10 тысяч запытаў.

Дзмітрый Рытвінскі, начальнік упраўлення Нацыянальнага кадастравага агенцтва: "Калі ўчастак зарэгістраваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, вы ведаеце яго адрас і кадастравы нумар, то вы можаце, набраўшы адпаведную інфармацыю ў раздзеле гэтага сайта, атрымаць, не выходзячы са свайго кабінета, інфармацыю пра падатковую базу свайго зямельнага ўчастка".

Дзякуючы такому сайту падрыхтаваць штогадовыя дэкларацыі па зямельным падатку плацельшчыкам будзе значна прасцей. Новаўвядзенні ацанілі і аналітыкі міжнароднай арганізацыі. У рэйтынгу Сусветнага банка па сістэме рэгістрацыі ўласнасці Беларусь ужо другі год запар займае трэцяе месца сярод усіх краін свету.