Дзяржаўтаінспекцыя са скарачэннем светлавога дня і туманнасці актывізавала прафілактычныя меры

8 ноября 2018

У першую чаргу для мінімізацыі выпадкаў дзіцячага дарожнага траўматызму, асабліва пасля школьных канікул. У графіку не толькі рэйды ў самых аварыйных і небяспечных месцах, але і сустрэчы са школьнікамі. Адну з такіх інфармацыйных гадзін наведала Наталля Кузьміцкая.

Дзесяць дзён канікул праляцелі імгненна, вось яны зноў за партамі. Хатняга задання не было, але настаўніца правярае правілы, якія школьнікі павінны ведаць назубок у любы час. 

Ад тэорыі да практыкі - вучні 2 "А" сталі непасрэднымі ўдзельнікамі дарожнага руху і трапілі ў разнастайныя сітуацыі. Пабывалі ў ролі пешахода, які пераходзіць дарогу па нерэгулюемым пераходзе і па сігнале дарожнага міліцыянера. 

І нават правялі эксперымент - пераканаліся ў эфектыўнасці святлоадбівальных элементаў. 

Акрамя таго, супрацоўнікі ДАІ ўзмоцняць кантроль дарожнай абстаноўкі ля школ, дзіцячых садкоў і паліклінік. Будуць правяраць вадзіцеляў на выкананне хуткаснага рэжыму і наяўнасць спецыяльных дзіцячых крэслаў. 

З-за скарачэння светлавога дня і пагаршэння бачнасці на дарогах, у тым ліку з-за туману, а вадзіцелі сёння гэта адразу адчулі, ДАІ раіць удзельнікам руху быць асабліва пільнымі і ўключаць святло фар нават у дзённыя гадзіны.