Дзяржаўтаінспектары і байкеры сабраліся сёння за сталом перамоў

16 апреля 2016

Але не абышлося сёння і без лыжкі дзёгцю. Не паспеў адкрыцца байкерскі сезон, а ў стужках навін ужо з'явіліся зводкі аб парушэннях.

Так, сёння больш за 60 матацыклістаў парушылі правілы дарожнага руху. У рамках акцыі "Мотарух без парушэнняў" інспектары ДАІ і сёння праверылі аматараў двухколавай рамантыкі.

Мотакультура або бязмежжа на дарозе? Чаму ДАІ ўзмацняе кантроль, і як жыць мірна ўсім удзельнікам дарожнага руху? Меркаванні бакоў выслухаў Аляксандр Харавец.

Падарунак, які ледзь не каштаваў жыцця двум хлопцам. На дзень нараджэння аднаму з іх бацькі прэзентавалі спартыўны байк. 17-гадовы юнак вырашыў выпрабаваць матацыкл і пакатаць сябра. Аднак не справіўся з кіраваннем і пры абгоне сутыкнуўся са спадарожным аўто. Урачы гавораць: тое, што хлопцы апынуліся ў рэанімацыі, гэта чыстае шанцаванне.

Аляксандр Гарбуноў, намеснік галоўнага ўрача Віцебскай абласной клінічнай бальніцы: "Пацыент, які знаходзіўся за рулём, кіраваў тэхнічным сродкам без правоў. Іх выратавала тое, што яны абодва былі ў шлемах. Часта матацыклісты грэбуюць гэтым і паступаюць да нас з цяжкімі чэрапна-мазгавымі траўмамі, траўмамі грудной клеткі, брушной поласці".

А гэта кадры ўжо сённяшняй аварыі. Матацыкліст ледзь не збіў пешахода на пераходзе, выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў легкавушку. Як высветлілася, за руль байка мужчына сеў без правоў і п'яны.

Каб урэгуляваць напружанае становішча на дарогах, сёння за сталом перамоў аказаліся дзяржаўтаінспектары і байкеры. У кожнага свая праўда. Матацыклісты ўпэўненыя, што кантроль за байкамі на дарогах залішне жорсткі. Інспектары лічаць: такая мера неабходная.

Андрэй Зыранаў, намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама: "Палова загінуўшых на дарогах Мінска - гэта матацыклісты. Зразумела, гэтай катэгорыі мы надаём увагу. А наконт таго, што гэта прадузятае стаўленне, гэта не так. Гэтыя мерапрыемствы накіраваныя на павышэнне бяспекі. Калі нейкая катэгорыя ўдзельнікаў руху перавышае аварыйнасць, мы будзем працаваць з імі больш пільна".

Самі байкеры праблему не адмаўляюць. Гавораць, што іх рэпутацыю часта псуюць маладыя і неспрактыкаваныя аматары пракаціцца з ветрыкам. Культура кіравання павінна быць у прыярытэце, сцвярджае Дзмітрый Пітбуль. Байкер за рулём ужо 6 гадоў. Сёння ўзначальвае адзін са сталічных мотаклубаў. Прызнаецца: калі раней маладыя зухі яшчэ прыслухоўваліся да парадаў больш дасведчаных таварышаў, то зараз дастукацца да іх складана.

Сёння байкеры выступілі і за з'яўленне на дарогах сталіцы спецыяльнага мотабатальёна - калі вопытныя інспектары на магутных матацыклах змогуць патруляваць дарогі горада.

Ужо ў гэтыя выхадныя матацыклістаў на дарогах краіны стане ў некалькі разоў больш. Адкрыццё байкерскага сезона стартуе 16 красавіка. А знізіць аварыйнасць зможа толькі выкананне правілаў дарожнага руху.

Інспектары ДАІ і самі байкеры заклікаюць вадзіцеляў аўто стаць больш уважлівымі на дарозе і часцей глядзець у люстэркі задняга віду, каб своечасова заўважыць суседа на двухколавым транспарце.