Гарадскі рэферэндум плануюць правесці ў Брэсце

29 июня 2020
Народнае галасаванне правядуць у Брэсце: мясцовыя жыхары будуць вырашаць, што рабіць з акумулятарным заводам. Як менавіта пройдзе галасаванне, брэстаўчане вырашалі разам з кіраўніцтвам горада. Нагадаем, акумулятарны завод пабудавалі летась у свабоднай эканамічнай зоне. Але так і не запусцілі. Некаторыя гараджане аказаліся супраць працы прадпрыемства: на іх думку, вытворчасць нашкодзіць экалогіі.

Правесці рэферэндум прапанаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Брэст. Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з брэстаўчанамі і паабяцаў дапамагчы вырашыць праблему дэмакратычна - шляхам народнага галасавання. Арганізуе яго гарадскі выканаўчы камітэт. 

На сустрэчы з яго кіраўніцтвам гараджане абмеркавалі тэхнічныя пытанні правядзення рэферэндуму. Сярод іх - збор подпісаў і склад участковых камісій.  Выказаць сваё меркаванне мог любы ахвотнік. 

Віталь Казак, жыхар г. Брэста: "Мы выразна выказалі кіраўніцтву краіны аб той небяспецы, якая існуе па гэтым заводзе, але проста так зараз яго закрыць нельга. Для таго каб усё было зроблена паводле закона, неабходна правесці рэферэндум, мы будзем усё рабіць у пазітыўным ключы, улады горада ідуць на беспрэцэдэнтны дыялог".

Аляксандр Рагачук, старшыня Брэсцкага гарвыканкама: "Мы - я маю на ўвазе гарадскую ўладу - маем намер зрабіць гэты працэс максімальна адкрытым, максімальна зразумелым людзям. Рэферэндум - гэта форма прамой дэмакратыі, і вельмі важна, каб не было прафанацыі самой гэтай ідэі. Таму ў зале тут сёння тыя людзі, якія выказалі жаданне ўдзельнічаць у гэтым складаным арганізацыйным рабочым працэсе".

Сёння ў Брэсце права голасу маюць 230 тысяч жыхароў. Правесці гарадскі рэферэндум плануюць у жніўні пасля прэзідэнцкіх выбараў. Падрыхтоўку да галасавання па акумулятарным заводзе пачнуць у найбліжэйшы час.