Гарадскі парк Любані пераўтварыўся ў вялікую майстэрню пад адкрытым небам

13 июня 2018

Казачныя персанажы і рамантычныя вобразы з дрэва. Гарадскі парк Любані на гэтым тыдні пераўтварыўся ў вялікую майстэрню пад адкрытым небам. Творчы пленэр аб'яднаў 12 скульптараў з розных куткоў краіны.

Матэрыялам для ўвасаблення мастацкіх ідэй сталі велізарныя дубовыя ствалы. Фігуры, якія падрыхтуюць майстры, застануцца ўпрыгажэннем парку. Аляксандра Кавеліч убачыла, як ствараюць драўляныя кампазіцыі.

На дзясяткі метраў па наваколлі раздаецца грукат малаткоў і гук электрапілы. І гэта не будаўнічая пляцоўка – майстры старанна выразаюць з дрэва адмысловыя фігуры - літаратурных герояў і казачныя сюжэты. Творчы пленэр аб'яднаў у Любані 12 скульптараў з розных куткоў Беларусі.

Тут распасціраюць свае крылы птушкі і ажываюць казачныя персанажы. Гарадскі парк Любані ператварыўся ў вялікую майстэрню пад адкрытым небам. У кожнай кампазіцыі адлюстроўваюць не толькі задумку аўтара, а і прыгажосць лебядзінага краю.

Так гэтую мясцовасць назваў паэт Іван Муравейка. Менавіта яго творы і натхнілі скульптараў.

Для Аляксандра Жураўлевіча творчае заданне набыло асаблівы сэнс. Майстар сам нарадзіўся на любанскай зямлі. У сваёй кампазіцыі ўвасобіў, бадай, самыя рамантычныя вобразы малой радзімы.

Матэрыялам для творчасці сталі велізарныя дубовыя ствалы – гэта дрэва не губляе свае якасці некалькі соцень гадоў. Мікалай Задрэйка прызнаецца, працаваць з такой драўнінай найбольш складана, але гэта ніяк не паўплывала на выбар сюжэта.

Кожная з гэтых фігур стане не проста ўпрыгажэннем парку ў Любані, а і фотазонай.

Мастацкі праект ужо 16 гадоў вандруе па розных гарадах Мінскай вобласці. Драўляныя скульптуры ўпрыгожваюць Крупкі, Валожын, Клецк. Наступным летам майстры будуць увасабляць сонечную цеплыню дрэва ў Нясвіжы.