Цэнтр прыцягнення талентаў і візітка Оршы. Гарадскі дом культуры на праспекце Тэкстыльшчыкаў. Апошнія 10 месяцаў яго фасады хаваліся за будаўнічымі рыштаваннямі. Палац перажываў першую за 60 гадоў рэканструкцыю. Пад яго дахам займаюцца 19 творчых аб’яднанняў, 7 калектываў носяць званне народны і заслужаны. Сёння іх удзельнікі ўвайшлі ў сучасныя спецыялізаваныя памяшканні для рэпетыцый. Палац культуры ўрачыста адкрылі, і кожны змог пераканацца: гэта другое дыханне ўстановы.
Расказвае Вольга Маслоўская: Гэтых віртуозных акрабатаў і жанглёраў ведаюць далёка за межамі роднай Оршы. Заслужаны любіцельскі калектыў “Узорная цыркавая студыя “Арэна”. Амаль 40 гадоў яны перамагаюць у конкурсах, бяруць Гран-пры міжнародных фестываляў. Цяжка паверыць, але такога ўзроўню майстэрства дзеці дасягалі трэніроўкамі ў звычайнай спартыўнай зале - з дашчанай падлогай і без спецыялізаванага абсталявання. Але сёння - новая старонка ў гісторыі калектыву - у іх з’явілася ўласная цыркавая зала.
Яшчэ ў зале з’явілася абсталяванне для адпрацоўкі акрабатычных нумароў у паветры - яны візітка аршанскіх цыркачоў. Разам з "арэнаўцамі" наваселле святкуюць удзельнікі яшчэ двух дзесяткаў калектываў. Менавіта столькі творчых суполак працуюць пад дахам гарадскога Палаца культуры. Сучасныя памяшканні для рэпетыцый, студыя гуказапісу, касцюмерная, файе з фотазонай, новыя інструменты і канцэртнае абсталяванне. Такі апгрэйд установа культуры перажывае ўпершыню.
Будынак у стылі савецкага неакласіцызму ўпрыгожыў праспект Тэкстыльшчыкаў у 1957 годзе. Тады гэта быў Палац культуры льнокамбіната, але ў творчых гуртках займаліся людзі розных прафесій і ўзросту. Таму рэканструктары вырашылі захаваць упрыгожванне будынку не дужа моднае, але дарагое памяці аршанцаў.
Першы канцэрт пасля рэканструкцыі. У зале на 400 гледачоў няма свабодных месцаў. Выключныя гук, святло і выкананне. А між тым на сцэне не прафесійныя артысты. Вакаліст Андрэй Кот трэці год займаецца ў народнай студыі эстраднай песні "Крэатыў" пры гарадскім Палацы культуры. Музычнай адукацыі няма - зараз асвойвае будаўнічую спецыяльнасць. Але душа патрабуе творчасці!
Палац ў адказе і за творчае развіццё вяскоўцаў. У раёне - сетка ўстаноў культуры, што сталі месцам натхнення і творчых сустрэч.
Гарадскі дом культуры Оршы перажыў першую за 60 гадоў рэканструкцыю
1 августа 2020














