Гарадок Камарын у Гомельскай вобласці сваю пераможную восень сустрэў у 1943-м

23 сентября 2013

І адваяваны рубеж стаў плацдармам для вызвалення ўсёй краіны.


Праз сем дзесяцігоддзяў наш карэспандэнт Віталь Краснабаеў адправіўся ў першы вызвалены горад Беларусі і сустрэўся з удзельнікам тых падзей.


Гэта адбылося пасля перамогі ў Сталінградскай бітве і поўнага краху фашысцкай наступальнай аперацыі Цытадэль у раёне Курскай дугі. Днепр для абедзвюх армій стаў стратэгічным плацдармам. Немцы паставілі ўсё на абарону. Савецкая армія рыхтавалася яе раскрыць. У раёне Камарына.


Шырокі і магутны Днепр тут мае высокі правы бераг. Гэта сур'ёзная натуральная перашкода. А немцы яе яшчэ і ўзмацнілі. Па ўсім беразе кожная вышыня ўзброеная. Пра гэты ўсходні вал Гітлер сказаў сваё напышлівае: Хутчэй Днепр пацячэ назад, чым рускія пераадолеюць яго.


Семдзясят год таму Васіль Аляксандравіч Нікалаенка апынуўся сярод тых, хто быў гатовы павярнуць Днепр назад. Радавы інжынерна-сапёрнага батальёна, толькі прызваны ў армію, аказаўся у самым пекле вайны. Ён з неахвотай узгадвае тую пераправу цераз Днепр. Але лепш за словы гавораць факты. Дзевятнаццацігадовага юнака прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза. Вось толькі штабнікі ў Маскве паперы завярнулі. Маўляў, малады і служыў менш за месяц.


Такая ўпартая бітва за Камарын тлумачыцца яго стратэгічным значэннем. Ён адкрываў савецкім войскам дарогу на Захад. Першы вызвалены беларускі населены пункт стаў варотамі, з якіх адкрываліся шляхі для наступальных аперацый ў Польшчу, Карпаты і на Балканы.


Гэтая перамога далася цаной жыцця многіх. Толькі за Камарын званні герояў атрымалі 20 чалавек. За невялікі Брагінскі раён - 348. Сёння ветэраны і жыхары ўсёй вобласці ўсклалі кветкі на брацкую магілу ў знак таго, што гэты подзвіг не будзе забыты. А невялікі пасёлак на цэлы дзень стаў цэнтрам вялікага свята. Свята памяці аб вызваленні.