Горад-юбіляр. Брэст святкуе 1000-годдзе

7 сентября 2019
Пра тое, як ён змяніўся за гэты час,  мы не раз паказвалі ў эфіры, а таксама знаёмілі з вядомымі ўраджэнцамі, якія праславілі свой горад. А сёння пра манумент, да якога дакрануўся літаральна кожны жыхар. Помнік адлюстроўвае гісторыю горада з моманту заснавання і праз сучаснае творчае бачанне брэсцкіх майстроў. Унікальнасці дадае і той факт, што Брэст - адзіны горад Беларусі, дзе ў цэнтры размешчаны мемарыяльны парк. Як стваралася гісторыя горада над Бугам,  ведае Мікіта Дзяменцьеў. 

Скрыжаванне вуліцы Гогаля і Савецкай. Гістарычная частка горада. Адзін з самых вядомых сімвалаў тут з'явіўся 10 гадоў таму. Ініцыятыва мясцовых жыхароў, расказвае свайму ўнуку Зоя Вайткоўская. Сродкі збіралі ўсім Брэстам, каб наглядна паказаць тысячагадовую памяць. 

Народная скульптура, так помнік называюць зараз, 15 метраў у вышыню, створана з бронзы па прынцыпах залатога сячэння і ўяўляе сабой шматфігурную кампазіцыю.

Ідэя архітэктара  Аляксея Андраюка. Ён як раз у творчым тандэме са скульптарам Аляксеем Паўлючуком працаваў над гэтым праектам. Дарэчы, першапачаткова помнік павінен быў выглядаць зусім інакш. 

Было прапанавана зрабіць вось такі мост. Ён нібыта аб'ядноўвае гістарычны Брэст і сучасны. Але пасля трынаццаці манументальных саветаў спыніліся на гэтай кампазіцыі. Гады пайшлі на вывучэнне гістарычных дакументаў, каб толькі барэльеф плошчай 11 квадратных метраў змясціў легенду аб заснаванні горада, Грунвальдскую бітву, выданне Бібліі, абарону Брэсцкай крэпасці і, вядома, асваенне космасу. 

Сёння помнік яшчэ і частка турыстычнага маршруту

Гэта месца прыцягнення, дзякуючы бязвізаваму рэжыму яго сёлета наведалі госці з 59 краін. Увогуле больш за 19 тысяч чалавек. 

Экскурсаводы, распавядаючы іншаземцам пра наглядны бронзавы летапіс, у першую чаргу падкрэсліваюць, што гэта сімвал адзінства пакаленняў і візітная картка ўсіх нас, беларусаў, якія не забываюць сваю гісторыю.