Першы ў рэспубліцы гарналыжны цэнтр Лагойск адзначае 10- годдзе. З моманту адкрыцця яго наведалі больш за паўтара мільёна чалавек. Цэнтр пастаянна развіваецца і разрастаецца. Увосень да яго далучылася і лыжна-біятлонная база Заечая паляна.
Што ў планах на наступную дзесяцігодку ў беларускай маленькай Швейцарыі даведаўся наш карэспандэнт Аляксандр Харавец. 24 студзеня 2014 года. Гэта кадры з цырымоніі адкрыцця першага ў Беларусі гарналыжнага комплексу. Лагойск пачынаўся вось з гэтага схілу і дзвюх трас.
За дзесяць гадоў комплекс стаў паўнавартасным гарналыжным курортам з трасамі для любога ўзроўню падрыхтоўкі. Адпачыць і атрымаць зарад бадзёрасці сюды прыязджаюць аматары зімовых відаў спорту з усіх куткоў нашай краіны.
З моманту запуску комплексу яго наведалі больш за паўтара мільёна чалавек. Прытым, амаль палова з іх - госці з-за мяжы..
Бурнае жыццё кіпіць ў цэнтры і летам. Вялікую колькасць мерапрыемстваў праводзяць менавіта ў Лагойску - оўпэн-эйры, спаборніцтвы па дрыфтынгу, злёт байкераў і нават фестываль паветраплавальнікаў.
З мінулай восені да гарналыжнага комплексу далучылі Заечую паляну - лыжна-біятлонную спартыўную базу. Зараз яе развіццём будзе займацца таксама кіраўніцтва Лагойска. Што ж да юбілейных святкаванняў, то наведвальнікаў чакаюць забаўляльныя конкурсы з прыемнымі падарункамі і, зразумела ж, песні і танцы.
Свята працягнецца і заўтра. Тых жа аматараў зімовых відаў спорту, хто не паспее на юбілей днём, гарналыжны комплекс запрашае на начныя катанні.














