Гомсельмаш павялічвае сутачныя аб'ёмы выпуску прадукцыі

4 июля 2020

Гатоўнасць да жніва - 2020


Важна прывесці сельгастэхніку ў поўную боегатовасць і закупіць новую. Але ліпень - самы напружаны час не толькі для аграрыяў, але і для машынабудаўнікоў. Так, галоўная аўтакузня Палескага рэгіёна Гомсельмаш рыхтуецца дадаць яшчэ адну працоўную змену і павялічвае сутачныя аб'ёмы выпуску прадукцыі. Прычым сёлета попыт на нашы камбайны вырас не толькі сярод беларускіх сельгаспрадпрыемстваў, але і замежных. Рэпартаж Ганны Кавалёвай.

Так, кажуць тут, запускаюць новенькае жалезнае сэрца беларускага камбайна. За суткі такіх каля 15. І гэта ў некалькі разоў больш за норму. І хоць мабілізаваць сілы перад уборачнай тут звыклая справа, сёлета павялічылі аб’ём выпуску не толькі з-за гэтага. Попыт на нашы камбайны ўзляцеў праз эпідэміялагічныя ўмовы. Тым часам беларускія машынабудаўнікі не гублялі часу і наладжвалі кантакты на новых рынках збыту.

За пяць месяцаў гэтага года экспарт павялічыўся да 140 працэнтаў. І гэта нягледзячы на закрыццё многіх дзяржаўных меж. Свет паступова выходзіць з замарозкi. Колькасць заказаў узрасла. План продажу распісаны да канца года.

З апярэджаннем ідзе і рост валютнай выручкі – 155 %. Сярод новых партнёраў - Зімбабвэ. Ужо адбылася першая адгрузка чырвоных гігантаў. Зараз беларускія камбайны за 8 тысяч кіламетраў барозняць прасторы Паўднёвай Афрыкі.

Вядома, за кожным новым кантрактам стаіць мноства людзей. І ў першую чаргу гэта канструктары, распрацоўшчыкі. Яны - мазгавы цэнтр завода. Тыя людзі, з якіх пачынаецца гісторыя новых камбайнаў. Спачатку на паперы. Затым за справу бяруцца зборшчыкі і, нарэшце, камбайнеры-выпрабавальнікі. Да прыкладу, зараз у беларускіх палях на тэст-драйвах новых мадэляў знаходзяцца 60 чалавек. Усяго ж навукова-тэхнічны цэнтр камбайнабудавання - гэта амаль 600 спецыялістаў. Зараз удасканальваюць кормаўборачныя машыны і ўжо вядомы суперкамбайн на газавым паліве.

Зараз канструктары рыхтуюць апгрэйд яшчэ трох машын. У наступным годзе плануюць пачаць іх выпрабаванні. Курс - на стварэнне ўтульных кабін з клімат-кантролем, шумаізаляцыяй і сучаснымі бартавымі камп’ютарамі, а таксама на павышэнне прадукцыйнасці машын і павелічэнне аб'ёмаў іх бункераў.

Дарэчы, сёлета Гомсельмаш адзначае 90-годдзе. Сёння на прадпрыемстве працуюць амаль 50 дынастый. Самая вялікая налічвае чатыры пакаленні з сумарным стажам працы 500 гадоў.