Гомсельмаш адзначыў сёлета 90-гадовы юбілей

24 октября 2020

Ад сіласарэзак, бульбасартавальнікаў і льномалатарняў да першага ў свеце камбайна на газавым паліве. Гомсельмаш адзначыў сёлета 90-гадовы юбілей. Калектыў падводзіць вынікі і вызначае прыярытэты далейшага развіцця. Як усё пачыналася і якія гарызонты зараз адкрываюцца перад прамысловай кузняй Гомельскай вобласці, ведае Ганна Кавалёва.

З’яўленне на эканамічнай карце Савецкага Саюза завода "Гомсельмаш" выпадковасцю не было. Павысіць дабрабыт насельніцтва ў той час можна было толькі за кошт хуткага забеспячэння вёскі новай тэхнікай і прагрэсіўнымі тэхналогіямі па вырошчванні і перапрацоўцы сельскагаспадарчых культур.

У сакавіку 1928 года сюды пачалі прыязджаць першыя будаўнікі, а напрыканцы ліпеня таго ж года быў закладзены першы камень у падмурак зборачнага цэха. А вось афіцыйная дата нараджэння Гомсельмаша - 15 кастрычніка.

Тады, восенню 1930-га, скончылі будаўніцтва ліцейнага цэха. Гэта вырашыла праблему з недахопам металу і нарэшце дазволіла стварыць паўнавартасную вытворчасць. Сёння Гомсельмаш поўнасцю закрывае попыт Беларусі. Якасць прадукцыі ацанілі і далёка за межамі: ідуць пастаўкі ў Расію, Казахстан, Арменію, Малдову, Таджыкістан і нават у Зімбабвэ.

Аляксандр Новікаў, генеральны дырэктар ААТ "Гомсельмаш": "Зараз канвеер працуе з колаў, тэхніка запатрабаваная. І на сёння распісаны ўжо ўвесь пакет заказаў да новага года. Лістапад - снежань - гэта другі пік, калі пачынае рэалізоўвацца тэхніка, таму што з красавіка і з мая многія ўжо пачынаюць працаваць у палях".

                                                                  

У народным музеі баявой і працоўнай славы прадпрыемства ўся 90-гадовая гісторыя. Прычым гэта не проста экспанаты, а нагадванне аб традыцыях прадпрыемства і людзях, якіх на Гомсельмашы называюць самым галоўным капіталам.

Дарэчы, сёння ў музеі захоўваюцца восем кніг памяці аб лепшых работніках завода. І яшчэ адна - аб працаўніках, якія маюць званне "Заслужаны работнік Гомсельмаша". 

Сёння холдынг “Гомсельмаш” у пяцёрцы сусветных лідараў. У 2018-м пачаў выпуск першага ў свеце газаматорнага камбайна. Летась асвоілі вытворчасць касілак для ўборкі рысу, а сёлета правялі выпрабаванні камбайна новага класа для аграрыяў Азіі, Афрыкі і ўвогуле фермераў, якія працуюць на невялікіх палетках. У планах таксама распрацоўкі і эксперыментальныя выпрабаванні суперсучаснай тэхнікі з дапоўненымі опцыямі і сістэмамі пажаратушэння, якія адпавядаюць усім еўрапейскім патрабаванням якасці.