Гомельскія медыкі даставяць у Беларусь яшчэ двух пацярпелых у ДТЗ у Нікалаеўскай вобласці

25 июля 2018

Мы працягваем сачыць за лёсам беларусаў, пацярпелых у ДТЗ у Нікалаеўскай вобласці. Ва ўкраінскіх бальніцах застаюцца трое беларусаў. Двое з іх будуць перавезеныя на радзіму. Некалькі гадзін таму па іх выехаў рэанімабіль з Гомеля. У аднаго з пацярпелых - страсенне мазгоў, у другога - пералом касцей носу.

Нагадаем, аўтакатастрофа адбылася ў мінулую пятніцу. Мікрааўтобус з жыхарамі Гомельскай вобласці сутыкнуўся з грузавіком. 5 чалавек загінулі, 12 пацярпелі. 9 з іх былі перавезеныя ў Гомель на наступны дзень. Астатнія трое - пад назіраннем украінскіх урачоў.

Міхаіл Змушка, намначальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама:

"Плануецца транспартаваць двух пацыентаў у Гомельскую абласную клінічную бальніцу. Стан пацыентаў стабільны. Сумесна з украінскім бокам была вызначаная далейшая тактыка іх лячэння. Падчас транспартавання будзе задзейнічаны рэанімабіль у суправаджэнні рэаніматолага".

Аўтамабілем па чарзе будуць кіраваць два вадзіцелі. У Гомель з пацярпелымі машына адправіцца заўтра. Стан трэцяга пацыента, які знаходзіцца ва Украіне, пакуль ацэньваецца як цяжкі. У найбліжэйшыя дні хірургі правядуць аперацыю, таму яго перавозіць пакуль нельга.