У мясцовым касцёле праходзіць беспрэцэдэнтная акцыя. Урачы ініцыятыву падтрымліваюць і ўпэўненыя, што такі падыход дапаможа вырашыць праблему пацыентаў, якія маюць патрэбу ў перасадцы органаў. Вольга Халадовіч вывучыла ўсе нюансы пытання.
Ганна прызнаецца: пра донарства і трансплантацыю ніколі раней не задумвалася. Аднак назіраючы за няпростай сітуацыяй, што склалася ў яе знаёмых, зразумела, як важна своечасова знайсці донара.
Гомельскія каталікі вырашылі завяшчаць свае органы для трансплантацыі, каб нават пасля смерці выратаваць жыццё іншаму. Вернікі касцёла падпісваюць спецыяльныя карткі, у якіх жадаюць завяшчаць у выпадку раптоўнай смерці свае органы для перасадкі.
Перасадка ныркі - самая распаўсюджаная аперацыя ў айчыннай транспланталогіі. Толькі ў Гомельскай вобласці летась медыкі правялі іх больш за паўсотню. Яшчэ 95 чалавек чакаюць сваёй чаргі.
Перасадка органаў - гэта часта адзіны спосаб выратавання жыцця. Спецыялісты падлічылі, што кожныя 10 хвілін чарга на такую аперацыю ва ўсім свеце павялічваецца на аднаго пацыента. А адзін донар органаў можа выратаваць сем чалавек.
Урачы ўпэўненыя: для паспяховага развіцця донарства неабходная папулярызацыя транспланталогіі. І гатовыя аб'яднацца з царквой, каб даць шанц цяжкахворым людзям.
Алег Пяткевіч, загадчык кабінета трансплантацыйнай каардынацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека: Будзем удзельнічаць у сумесных мерапрыемствах. Магчыма, гэта будуць выступленні, магчыма прэс-канферэнцыі, таму што пытанні ўзнікаюць, не заўсёды ёсць магчымасць на іх адказаць, і я буду рад дапамагчы.
Для пацыентаў, якія маюць патрэбу ў перасадцы органаў, трансплантацыя - самы эфектыўны метад лячэння. Зараз аперацыі па перасадцы нырак ужо робяць не толькі ў сталіцы, але і ў Гомелі, Брэсце і Гродне. У лісце чакання, напрыклад, на перасадку ныркі ў нашай краіне зараз больш чым 700 чалавек.














