Гучна і з размахам. Гомельскія байкеры правялі генеральную рэпетыцыю адкрыцця мотасезона. Зрабілі гэта крэатыўна: замест вялікага парада па горадзе здзейснілі вялікі заезд на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Зараз тэхагляд перад пачаткам мотасезона - не толькі сумесная акцыя байкераў і Дзяржаўтаінспекцыі, але і жалезнае правіла.
Чаму - даведвалася Вольга Халадовіч. Такой эфектнай калонай гомельскія байкеры заязджаюць на дыягнастычную станцыю. І падкрэсліваюць: відовішчнасць - гэта, вядома, у іх традыцыях, але бяспека перш за ўсё. Тэхагляд перад пачаткам сезона - абавязковая ўмова для членаў любога мотаклуба.
Знешні выгляд, праца фар і паваротнікаў, тармазны шлях - жалезнага каня правяраюць больш як на 40 параметраў.
Усяго 15-20 хвілін, і ўладальнік байка атрымлівае афіцыйнае пацверджанне: матацыкл бяспечны і без праблем можа ездзіць па дарогах рэгіёна. Выконваючы правілы дарожнага руху.
Асабістым прыкладам у мэтах прафілактыкі. Праходжанне тэхагляду - сумесная акцыя Гомельскай ДАІ і байкераў. У рэгіёне - амаль 70 000 адзінак мотатэхнікі. Летась па віне матацыклістаў, а таксама вадзіцеляў мапедаў і скутараў адбылося больш за 30 ДТЗ, сем чалавек загінулі. Таму ў гэтым выпадку Дзяржаўтаінспекцыя лічыць за лепшае працаваць на папярэджанне.
Ужо з пачатку года ў краіне адбылося некалькі аварый з удзелам матацыклаў. Так, у Пружанах байкер-бяспраўнік збіў дзяўчыну на пешаходным пераходзе. Яе ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу, сам вадзіцель памёр на месцы здарэння. Яшчэ адзін малады чалавек у Брэсцкім раёне ехаў без шлема і не зладзіўся з кіраваннем. А ў Дзяржынскім раёне два матацыклы не падзялілі ўчастак дарогі. Абодва вадзіцелі шпіталяваныя.













