Год навукі ў Мінскай вобласці пачаўся з конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ

1 февраля 2017

Трыццаць вучняў з усяго рэгіёна прадставілі свае праекты пра экалогію раслін, біяіндыкацыю, рэсурсазберажэнне, водныя экасістэмы і эксперыменты ў батаніцы. Самыя перспектыўныя былі вызначаны – і зараз іх аўтары рыхтуюцца да рэспубліканскага этапу. Надзея Сербіненка – пра распрацоўкі з прыстаўкай бія- і эка-.

Спачатку яна прыдумала, як перапрацаваць упакоўку тэтрапак, потым азеляняла жодзінскія дахі, а зараз зрабіла гаючы эліксір з сумніку. Дзесяцікласніца Аляксандра Кахавец – аўтар адразу некалькіх паспяховых экалагічных праектаў. Расліну, усім знаёмую па ярка-жоўтых суквеццях, за хуткае распаўсюджванне прылічылі да так званых інвазіўных. Але Аляксандра даказала: сумнік - скарбніца карысных рэчываў.

Яшчэ адзін спосаб выкарыстання інвазіву - паліўны брыкет. Спрасаваны сумнік гарыць не горш за дровы. Як лекі - расліна распаўсюджаная толькі ў народнай медыцыне.

Усяго ў абласным этапе конкурсу біёлага-экалагічных работ прынялі ўдзел 30 школьнікаў. Бульбу, якая можа адправіцца на Марс, прадставіў Чэрвеньскі раён.

Аказваецца, усе бульбяныя клубні дзеляцца на левыя і правыя. І менавіта правыя прыносяць большы ураджай. Гэта даказаў Ігар Харытановіч і яго эксперымент на трох сотнях бульбін.

Бульбяны праект уразіў і міжнароднае журы на касмічнай алімпіядзе у расійскім Каралёве. Сярэбраны медаль пацвярджае: у правых клубнях беларускай бульбы ёсць усе шанцы адправіцца разам з касманаўтамі на Марс!

Чатырнаццаць лепшых эколага-біялагічных даследаванняў вучняў будуць прадстаўляць цэнтральны рэгіён на заключным - рэспубліканскім этапе. Лепшы праект Беларусі вызначаць напрыканцы лютага.