Глабальная рэканструкцыя Бараўлян

21 мая 2015

Глабальная рэканструкцыя. Бараўляны сёння нагадваюць вялікую будаўнічую пляцоўку. У плане па мадэрнізацыі прадугледжана замена асфальтавага пакрыцця, павелічэнне колькасці парковачных месцаў, добраўпарадкаванне двароў. У перспектыве ў пасёлку плануецца пабудаваць некалькі дзіцячых садкоў, школу мастацтваў і адрамантаваць Дом культуры.

Наталля Кузьміцкая - з падрабязнасцямі.

Яшчэ некалькі гадоў таму ў Бараўлянах было ўсяго некалькі шматпавярховак. Сёння гэты пасёлак хутчэй нагадвае мініполіс з вялікай колькасцю новабудоўляў і насельніцтвам, якое павялічваецца кожны год амаль на тысячу жыхароў.

На цэнтральнай вуліцы Бараўлян аўтамабілі раз'язджаюцца з цяжкасцю, іх тут не дзясяткі, а сотні. Пасёлак лічыцца медыцынскім спадарожнікам Мінска, але наведвальнікам розных медустаноў тут не заўсёды знойдзецца парковачнае месца. Незадавальняючае становішча інфраструктуры падчас выязной нарады ў лістападзе адзначыў губернат вобласці Сямён Шапіра.

Сумесна з дарожнікамі вызначаны ўчасткі дарогі, якія патрабуюць рэканструкцыі. Да таго ж ля абласных бальніц і анкалагічнага цэнтра плануецца пабудаваць 400 дадатковых парковачных месцаў. Асноўныя работы павінны быць завершаны да 1 кастрычніка 2015 года.

Добраўпарадкванне закранула і двары жылых дамоў. Пафарбаваны фасады будынкаў і дзіцячыя пляцоўкі, на большасці прысядзібных тэрыторый заменена асфальтавае пакрыццё. На наступны год у планах па развіцці пасёлка будаўніцтва новых дзіцячых садоў і школ.