Галоўнае свята ў салдатаў

14 декабря 2013

Сёння больш за 12 000 навабранцаў па ўсёй Беларусі пакляліся ў вернасці Радзіме. Павіншаваць сапраўдных абаронцаў Бацькаўшчыны 86-й брыгады сувязі ў гэты дзень адправілася і наш карэспандэнт Таццяна Кашпур. Яна раскажа, ці смачная палявая каша і пра што зараз спяваюць салдаты.



236 чалавек у адным страі кляліся ў вернасці Радзіме. У найбліжэйшыя некалькі месяцаў яны будуць вучыцца працаваць у камандзе і асвойваць новыя прафесіі.


Чаканныя гукі марша, ваенныя каманды, слёзы, хай і ад радасці, і знаёмая ўсім мелодыя Кацюшы. Сёння 86-я брыгада сувязі, як і ўся краіна, прымала маладое папаўненне. Хваляваліся ўсе: прызыўнікі перад нязведаным пакуль яшчэ жыццём паводле статута ў казарме са строгім распарадкам, іх родныя і афіцэры. Падтрымаць ваенных і, як сапраўдным вайскоўцам, правесці разведку становішча прыйшлі нават юныя сувораўцы.


Без сувязі няма кіравання, а без кіравання няма і перамогі. Большасць ужо не будучых, а самых сапраўдных салдатаў не з чутак ведаюць, як працаваць са складанай тэхнікай. Яны прайшлі суровы адбор, і зараз на пляцы стаяць выдатнікі, выпускнікі каледжаў і ўніверсітэтаў радыё, электронікі і сувязі. Прызнаюцца: для іх гэта добрая магчымасць атрымаць той вопыт, які дапаможа ў будучыні ўладкавацца на працу сваёй мары.


Каб агледзецца, у навабранцаў не так ужо і шмат часу. Толькі спачатку іх задачай будзе ўсталёўваць, падлучаць і зазямляць апаратуру. А пасля адчуюць сябе і ў ролі механіка, і ў ролі рулявога. Воіны-сувязісты з гонарам працягваюць славутыя традыцыі злучэння, якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны прайшло баявы шлях пад Масквой, на Курскай дузе, прымала ўдзел у аперацыі Баграціён і падтрымлівала сувязь падчас Чарнобыльскай катастрофы.