Галоўны вобраз чырвонай рэвалюцыі - Уладзімір Ільіч Ленін

7 ноября 2017

Вобраз правадыра сусветнага пралетарыяту стаў сімвалам савецкай эпохі. І нёс за сабою шлейф не толькі эстэтычных функцый. У твар рэвалюцыі зазірнула Ніна Мажэйка.

Касцюм-тройка, гальштук у гарошак і погляд, накіраваны ў будучыню. Вобраз правадыра сусветнага пралетарыяту, на сённяшнія меркі, можна назваць модай савецкага мінулага. Ён і сам быў моднікам. Замест звычайнай воўны аддаваў перавагу швейцарскаму люстрыну, з гэтай тканіны яму дагэтуль шыюць маўзалейныя касцюмы.

Музей эпохі - майстэрня хрэстаматыйнага Азгура - захоўвае з тузін розных увасабленняў Ільіча. Ён тут паўсюль. Вось Ленін у поўны рост, вось мініяцюрная копія, тут ён падпірае стэлаж, а там выглядае з-за вугла.

Леніна ў кожны раённы цэнтр. Новая дзяржава стварала новыя ідэалы. Гэткі супергерой Ільіч. Яго пісалі, ляпілі. Тое, што сёння многія б назвалі хайпам, у той час было звычайнай справай для мастака - абавязковая праграма. Толькі такі дзяржзаказ атрымліваў не кожны. Стваральнікам ленінскага канону лічыцца мастак Мікалай Андрэеў. Яму правадыр пралетарыяту пазіраваў асабіста.

Таму андрэеўскія партрэты Ільіча лічыліся эталонам і тыражаваліся. Кожны мастак або скульптар быў проста абавязаны кіравацца першакрыніцай. Інакш працу не прымалі. Адгэтуль узнікае адчуванне, што помнікі Леніну зробленыя быццам пад капірку. Не змянялася і мадэль чаравікаў. З'явіўся нават выраз: "Просты, як ленінскі чаравік".

І ўсё ж першы Ленін з'явіўся не ў Маскве. У гарадскім пасёлку Краснаполле ў 1922 годзе. Скульптар Аляксандр Грубе зрабіў Леніна драўляным.

Зараз на тым жа месцы бронзавая скульптура. А вось вядомы мінчанам Ленін на трыбуне з плошчы Незалежнасці. У мініяцюры. Аўтар - Мацвей Генрыхавіч Манізер.

Фондавыя экзэмпляры, датаваныя 1917, у Беларусі - рэдкасць. Даваенная калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея амаль цалкам згубленая. Для афармлення канцэпцыі выкарыстоўвалі дзясяткі метраў кумачовай тканіны - перазагрузка для Леніна ў экспазіцыйных залах. 95 працэнтаў экспанатаў былі набытыя музеем у розныя гады пасля юбілейных выстаў.

Ленін як з'ява ў мастацтве: за пісьмовым сталом, кнігай і нават з рыдлёўкаю - у лепшых традыцыях ленініяны. Мастакі Волкаў, Шыбнёў, Стальмашонак. Такім Ільіча памятаюць з савецкіх падручнікаў. А вось што будзе ў нашых, залежыць ад нас. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя