Галоўным святочным мерапрыемствам 9 Мая стане шэсце ветэранаў

9 мая 2014

Па традыцыі галоўным святочным мерапрыемствам 9 Мая стане шэсце ветэранаў і ўскладанне кветак да манумента Перамогі. Сёлета яно пачнецца роўна ў 10 гадзін ад перакрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы, а завершыцца на плошчы Перамогі.


Там зараз знаходзіцца наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская. Сёння той самы адзіны дзень у годзе, калі галоўная вуліца Мінска становіцца пешаходнай. Частка праспекта сёння на некалькі гадзін цалкам належыць ветэранам Вялікай Айчыннай. Нягледзячы на старэчы ўзрост, бо многім сёння ўжо далёка за 90, у гэты дзень яны надзяваюць усе свае медалі і ордэны і прыходзяць сюды, на цэнтральную плошчу сталіцы, каб ізноў стаць у строй!


Сёння, у 69-ю гадавіну Вялікай Перамогі, ветэраны разам з Кіраўніком дзяржавы пройдуць сімвалічныя 690 метраў ад цырка да плошчы Перамогі, сёлета маршрут скарацілі на траціну, каб ускласці кветкі да абеліска. Яго адкрыццё прымеркавалі да 10-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку планавалі, што вышыня помніка будзе 48 метраў, але да запланаванай даты не паспявалі і вырашылі: хай будзе ніжэйшая, але своечасова. Чатыры бронзавыя вянкі вакол абеліска сімвалізуюць чатыры фронты, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. А ўвянчаны абеліск ордэнам Перамогі - вышэйшым ваенным ордэнам СССР. Дарэчы, адзін з аўтараў манумента, вядомы беларускі архітэктар Георгій Заборскі, на адкрыцці прызнаўся, што праектаваць помнік Перамогі стаў яшчэ ў 1942, бо вельмі верыў у перамогу!


У перамогу верылі і тыя ветэраны, якія 69 гадоў таму хлапчукамі сыходзілі на фронт, а сёння будуць ускладаць да манумента кветкі. На жаль, тыя, што перамаглі ў той жорсткай і страшнай вайне, сёння ваююць з не меней страшным праціўнікам - часам. Прайшоў усяго год, а іх ужо на 4 500 менш. Але сёння замест тых, каго ўжо няма, да вечнага агню прыйдуць іх дзеці, унукі, праўнукі. Прыйдуць тысячы незнаёмых людзей, каб аддаць даніну памяці іх вялікаму подзвігу і яшчэ раз сказаць: Дзякуй за Перамогу! Мы памятаем!


Такім чынам, меней за гадзіну застаецца да пачатку святочнага шэсця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў горадзе-героі Мінску. Роўна ў 10 гадзін Белтэлерадыёкампанія пачне прамую трансляцыю, якую будуць весці ўсе нацыянальныя тэлеканалы і спадарожнікавы канал Беларусь 24.