Галоўным атрыбутам Вялікадня было і застаецца яйка

19 апреля 2014
Беларускія гаспадыні захоўваюць самыя розныя традыцыі ўпрыгажэння велікоднага сімвала. Адна з тэхнік - пісанка. Яна мае тысячагадовую гісторыю. Як у хатніх умоввах стварыць святочны шэдэўр і чаму такое яйка нельга есці, ведае Іна Пілевіч.


Палотны для будучых шэдэўраў наведвальнікі гэтага майстар-класа адшукалі ў прадуктовым магазіне. Для роспісу падыходзяць курыныя яйкі са шчыльнай і гладкай шкарлупінай сярэдніх памераў і абавязкова без дэфектаў. Тэхналогія пісанкарства альбо роспісу сімвала Вялікадня ўжо 10 гадоў выкладаецца ў Музеі беларускай народнай творчасці.
Таццяна Андрыевіч, навуковы супрацоўнік Музея беларускага народнага мастацтва: Паводле традыцыі гэтыя яйкі выбіраюцца ад курыц, якія ў першы раз нясуцца. Яйкі павінны быць аплодненыя, г. зн. у яйку павінна быць жыццё.
У навічка на роспіс аднаго яйка пойдзе некалькі гадзін. Спачатку шкарлупіна абястлушчваецца воцатам. Затым наносіцца эскіз простым алоўкам. Воскам пакрываюцца месцы, якія павінны застацца белымі. А пасля яйка апускаецца ў фарбу, зноў прасушваецца, пішацца новы слой воску і фарбы, і гэтак далей. Спецыяльны інструмент для нанясення воску называецца пісачкам. Яго можна лёгка змайствараць у хатніх умовах.
Таццяна Андрыевіч, навуковы супрацоўнік Музея беларускага народнага мастацтва: Спрадвеку малюнак наносіўся звычайнай палачкай ці інструментамі ў выглязе палачкі з цвічком. Наносіліся не роўныя лініі, а кропачкі. Малюнак наносіўся кропкава і размазваўся па яйку.
Арнамент пісанак невыпадковы, у кожны закладзены сакральны сэнс. Узоры, як правіла, геаметрычныя або раслінныя і строга падначалены форме яйка. Напрыклад, сетка - сімвал лёсу, а кропкі асацыіруюцца з ўрадлівасцю.
Алена Парфянцова, наведвальніца майстар-класа: Хацелася ў адно яйка ўмясціць усё. Але я выбрала рыбку - гэта сімвал здароўя. Гэта самае галоўнае.
Жоўты, чырвоны, чорны - менавіта ў такой паслядоўнасці прынята расфарбоўваць яйкі. Пажадана выкарыстоўваць прыродныя фарбы. Так, зялёны колер дае адвар крапівы, кары ясеня, лісця ландыша.
Гэтымі сімваламі Вялікадня біцца не прынята, бо пісанкі ствараюць на сырых яйках. Таму такую страву на стале вы не ўбачыце. Іх дораць альбо захоўваюць дома як абярог.