Галоўныя ўрачыстасці пройдуць па традыцыі на плошчы Перамогі ў Мінску.

9 мая 2016

Галоўныя ўрачыстасці, прысвечаныя святочнай даце, пройдуць па традыцыі на плошчы Перамогі ў Мінску. У 11 раніцы там пачнецца рэспубліканская патрыятычная акцыя "Беларусь памятае" з ускладаннем вянкоў да манумента.

На плошчы Перамогі ўжо працуюць камеры Белтэлерадыёкампаніі, і зараз на сувязі са студыяй наш карэспандэнт Андрэй Крывашэеў (прамое ўключэнне).

Добрай раніцы, калегі! Са Святам! З Днём Перамогі!

Мы знаходзімся ў сімвалічным месцы - у сэрцы сталіцы, ля манумента Перамогі. Менавіта адгэтуль сёння "Праздник со слезами на глазах" пачнецца па ўсёй Беларусі і для кожнага беларуса.

Бо гэты дзень даўно стаў не проста дзяржаўнай, але і па-сапраўднаму народнай і сямейнай урачыстасцю. Сёння мы з асобай удзячнасцю ўспамінаем нашы пакаленні. Па-першае, Салдат Перамогі. Гэта яны ачысцілі зямлю ад фашызму. Успамінаем тых, хто працаваў у тыле на мяжы чалавечых сіл. І набліжаў гэты светлы майскі дзень. І тых, хто адбудоўваў краіну пасля страшных разбурэнняў. Паднімаў Беларусь з попелу.

У кожнай беларускай сям'і жыве свая гісторыя і свая памяць вайны. Менавіта таму адзначаць гэты Дзень урачыста, ярка і душэўна - абсалютна ў нашай беларускай традыцыі.

Таксама па традыцыі сёння плошча Перамогі стане галоўным ядром святочных мерапрыемстваў. Тут, ля Вечнага агню, кульмінацыя патрыятычнай акцыі "Беларусь памятае".

Ля манумента збяруцца беларусы розных пакаленняў і прафесій з партрэтамі герояў, ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, сваіх блізкіх. Тым самым беларусы пакажуць, што памятаюць кожнага героя, а іх подзвіг бессмяротны. Цырымонія стартуе праз дзве гадзіны, але ўжо зараз вакол плошчы шматлюдна. І гэта таксама традыцыя. Кожнае 9 мая тут Дзень Перамогі сустракаюць тысячы мінчан і гасцей сталіцы, а пасля поўдня святочныя гулянні пройдуць па ўсёй краіне.

Некалькі слоў пра цырымонію. Праз некалькі гадзін сюды, да Вечнага агню, пад гукі ўрачыстага марша ўнясуць сімвал Сцяга Перамогі і штандары чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь ад гітлераўцаў.

Далей - урачыстая цырымонія ўскладання вянкоў. У ёй па традыцыі прыме ўдзел Кіраўнік дзяржавы. Ён звернецца да беларусаў са святочным выступленнем і аб'явіць хвіліну маўчання ў памяць аб героях, якія загінулі.

Да абеліска Перамогі сёння таксама лягуць вянкі ад усіх галін беларускай улады, грамадскіх арганізацый, дыпламатычнага корпуса і духавенства.

Адметнасцю сённяшняй урачыстасці на плошчы Перамогі стане "Майскі вальс". Упершыню на гэтым цэнтральным пятачку сталіцы будзе вальсаваць адразу 30 пар у касцюмах розных гадоў з далёкага 45-га да нашых дзён. Гэта сімвал сувязі пакаленняў, як і ўся акцыя - "Беларусь памятае".

Мне ж застаецца дадаць, што да яе пачатку ўжо менш як дзве гадзіны. Неўзабаве мы чакаем на плошчы галоўных удзельнікаў урачыстасцяў - нашых дарагіх ветэранаў. Для іх гэты Дзень - галоўны ў годзе. І яны чакаюць яго з асаблівым нецярпеннем.

Дададзім таксама, што наш тэлеканал пакажа ўсю цырымонію ў прамым эфіры. Хоць у нашых гледачоў яшчэ ёсць час, каб далучыцца да акцыі асабіста. Тут, на цэнтральнай плошчы Мінска.