Галоўныя святы гэтыя людзі па абавязку службы праводзяць за межамі Беларусі

10 июля 2015

Сёння кіраўнікі нашых дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, а таксама Міністэрства замежных спраў сабраліся ля Кургана Славы, каб у год 70-годдзя Вялікай Перамогі ўшанаваць памяць савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Традыцыя, пачатак якой дзякуючы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі МЗС паклалі сёння, з гэтага часу будзе паўтарацца з года ў год. Дарэчы, сёння ля падножжа Кургана Славы быў і адзін з заснавальнікаў прафсаюзнага руху ў Міністэрстве замежных спраў, а цяпер пасол нашай краіны ў Эстоніі.

Аляксандр Гур'янаў, намеснік Міністра замежных спраў Беларусі: "На 9 Мая мы, як правіла, заўсёды ўскладаем вянкі да мемарыялаў савецкім воінам практычна па ўсёй Еўропе. А 3 ліпеня - гэта традыцыйна дзень, калі кіраўнікі замежустаноў праводзяць вялікія ўрачыстыя прыёмы з запрашэннем не толькі ганаровых гасцей краін знаходжання, але і прадстаўнікоў беларускай дыяспары, ветэранаў".

Анатоль Стэпусь, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Эстоніі: "У Эстоніі пражывае каля 25 працэнтаў славянскага насельніцтва. Сярод гэтай групы вялікая частка беларусаў. Афіцыйна паводле эстонскай статыстыкі, больш за 13,5 тысячы беларусаў, але іх значна больш. У гэтай сувязі наша частка насельніцтва свята паважае ўсё тое, што звязана з Вялікай Перамогай. Мы праводзілі шмат мерапрыемстваў, праводзілі сумесны Тыдзень ваеннага фільма, і ў нас было пяць беларускіх ваенных фільмаў".

У памяць аб удзельніках Вялікай Айчыннай у прафсаюзнай арганізацыі МЗС зараз рыхтуюць электронную кнігу, дзе будуць сабраныя гісторыі подзвігаў і пасляваеннага жыцця беларускіх ветэранаў-дыпламатаў. Каб увекавечыць памяць герояў, укладальнікам прыйдзецца апрацаваць каля тысячы асабістых спраў.