Галоўная ёлка краіны прымае юных гледачоў

26 декабря 2013
Яшчэ адно мерапрыемства, без якога навагоднія святы ў Беларусі ўявіць проста немагчыма. Галоўная ёлка краіны, якую клічуць яшчэ прэзідэнцкай, прымае юных гледачоў, усе яны шчыра вераць у навагодні цуд. У вялікай зале Палаца Рэспублікі - маляўнічае шоу з пышнымі дэкарацыямі і складанымі касцюмамі. Ямеля, Пачвара Балотная, Баба-яга і Дзед Мароз - усе на адной сцэне! Самы значны навагодні тэатралізаваны паказ Беларусі сабраў усіх магчымых герояў казак і мультфільмаў.

Падчас падрыхтоўкі сюжэту пра галоўную ёлку краіны і маёй калезе Іне Пілевічдавялося незапланавана пабываць у ролі Матухны Зімы.

Апрануцца самастойна яму не пад сілу! Касцюм Дзеда Мароза ручной працы, упрыгожаны мноствам камянёў і выраблены з багатай тканіны. Важыць убранне каля 12 кілаграмаў. Таму карэспандэнту незапланавана прыходзіцца выступіць памочніцай галоўнага навагодняга персанажа.


Заслужаны артыст Уладзімір Радзівілаў ужо 19 гадоў служыць галоўным Дзедам Марозам краіны. За такі прафесійны стаж навучыўся выконваць дзіцячыя жаданні і гатовы да праверкі барады на трываласць.

Пакуль за кулісамі ідзе падрыхтоўка да шоу, у холе Палаца Рэспублікі - сапраўдны паказ навагодняй моды. Сняжынкі, гномікі, феі, прынцы, чараўнікі разам з бацькамі танчаць на дзіцячай дыскатэцы.


Печка ездзіць, вёдры танчаць, а царскі абед прыходзіць сам! Ямеля і Шчупак-Чараўнік выклікалі святочны перапалох у Палацы Рэспублікі: сварацца з вядомымі казачнымі персанажамі Пачварай Балотнай і Бабай-ягой. Усе рознагалоссі традыцыйна ўладжвае Дзед Мароз.

На сцэне - больш за 100 выканаўцаў. Тут як акцёры прафесійных тэатраў, так і зусім маленькія артысты. У навагоднім мюзікле працуюць танцавальныя калектывы Хвілінка, Белка, Скавыш. Дарэчы, праца над пышнымі дэкарацыямі, фантазійнымі касцюмамі і складанай харэаграфіяй вялася яшчэ з пачатку восені.


За дзень - тры паказы і больш як 8 000 маленькіх гледачоў. Навагоднюю музычную казку сыграюць нават у выхадныя дні! Марафон святочных спектакляў завершыцца 6 студзеня.