Галоўная ёлка Гомеля ўжо збірае вакол сябе дзяцей і дарослых

26 декабря 2015

Усяго некалькі дзён да самага любімага свята беларусаў – Новага года. Завяршаюцца апошнія прыгатаванні. Галоўная ёлка Гомеля ўжо збірае вакол сябе дзяцей і дарослых.

Побач з ёю свае жаданні загадала і наш карэспандэнт Марына Севяр'янава. Галоўная святочная пляцоўка Гомеля ператварылася ў сапраўдны казачны гарадок. У цэнтры - ёлка. Побач з лясной прыгажуняй сёлета з'явілася міні-рэзідэнцыя Дзеда Мароза, горад майстроў і пяціметровыя ёлачныя цацкі, а таксама гандлёвыя рады.

Уся навагодняя кампазіцыя выглядае як дэкарацыі да відовішчнага навагодняга спектакля.

Распачаўся і ёлачны гандаль. Для продажу толькі гомельскія леснікі падрыхтавалі звыш 17 тысяч навагодніх прыгажунь. Самае простае дрэва ад аднаго метра каштуе каля 105 тысяч рублёў. Ёлка вышынёй да двух метраў - каля 140, а вось трохметровае дрэва пакупніку абыдзецца ў 160 тысяч рублёў. Асабліва папулярныя дрэвы ў кадках. Цана – трохі больш за паўмільёна. У трэндзе сёлета яловыя букеты і галінкі.

Магазіны таксама падрыхтаваліся да Новага года. Не толькі ўпрыгожылі вітрыны і гандлёвыя залы, але і арганізавалі скідкі і акцыі. Некаторыя тавары можна набыць за паўцаны.

Для аматараў сустракаць Новы год актыўна і творча арганізатары святаў прыдумалі нават асаблівую праграму.

І яшчэ, у кожным раёне Гомельскай вобласці адкрылася свая рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Таму ўсе святочныя пажаданні абавязкова здзейсняцца ў новым 2016-м годзе.