Кіраўнік аддзела радыёдрамы Бі-бі-сі наведала Беларусь

19 февраля 2018

У грамадстве трэба сфарміраваць культуру непрымання хатняга насілля. Гэтая праблема па-ранейшаму актуальная ва ўсім свеце, нават у самых развітых краінах. І вырашаць яе трэба ўсімі магчымымі інструментамі, у тым ліку праз СМІ.

На гэта звярнула ўвагу прадстаўнік Брытанскай тэлерадыёкарпарацыі Элісан Хіндэл. Кіраўнік аддзела радыёдрамы на Бі-бі-сі наведала Беларусь па запрашэнні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва. На працягу 67 гадоў на канале Бі-бі-сі ідзе самая працяглая ў свеце шматсерыйная радыёпастаноўка "Арчеры", адна з сюжэтных ліній якой - тэма хатняга насілля. Тэма выклікала вялікі рэзананс і абмеркаванне ў Вялікабрытаніі. Жанчыны часцей сталі звяртацца ў службы даверу па дапамогу.

Элісан Хіндэл, кіраўнік аддзела радыёдрамы Бі-бі-сі:

"У Вялікабрытаніі праблема хатняга насілля вельмі актуальная. Кожны тыдзень ад рук сваіх партнёраў там гіне тры жанчыны. Мы не маглі абысці гэтую тэму бокам. Жанр радыёдрамы - прыдатны фармат для гэтага. Дзякуючы перадачы тысячы нашых слухачоў зразумелі праблему ў сваіх сем'ях і звярнуліся па дапамогу на гарачую лінію. Спадзяюся, мы выратавалі іх жыцці".

Паводле сусветнай статыстыкі, у 95 % выпадкаў пацярпелыя ад насілля становяцца ахвярамі нападаў менавіта ў сем'ях. Цяжкія злачынствы часцей учыняюць мужчыны: амаль 80 % бытавых забойстваў і больш за 70 % цяжкіх целавых пашкоджанняў.