Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Міжнароднага касмічнага кангрэса

10 сентября 2018

Касмічная галіна ў Беларусі ўпэўнена развіваецца. Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.

Прадстаўнічы форум пачаў сваю працу ў Мінску. У кангрэсе прымаюць удзел легендарныя касманаўты і астранаўты з 18 краін, высокія замежныя госці, дыпламаты, прадстаўнікі касмічных агенцтваў, беларускія навукоўцы і інжынеры. У прывітанні гасцей Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асаблівы статус мерапрыемства.

Сёння ў свеце налічваецца каля 90 касмічных дзяржаў, сярод якіх і Беларусь. 565 чалавек прынялі ўдзел у палётах. Больш за тысячу спадарожнікаў круціцца вакол Зямлі. У гісторыю касмічных палётаў запісаныя імёны беларускіх навукоўцаў і касманаўтаў. Ветэраны арбітальных палётаў - Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на МКС Алег Навіцкі - гэта нашы землякі.

Беларускія карані ў Алега Арцем’ева, які зараз знаходзіцца на арбітальнай станцыі. Удзельнікі кангрэса атрымалі відэапрывітанне ад экіпажа міжнароднай касмічнай станцыі з арбіты Зямлі.

Як прызнаўся Пётр Клімук, арганізатары доўга абмяркоўвалі, што ж падарыць Прэзідэнту Беларусі на памяць пра кангрэс. Але, толькі пабываўшы ў космасе, разумееш, што самае дарагое для чалавека - гэта родная зямля і месца, дзе ён нарадзіўся. Першы чалавек, які быў у адкрытым космасе, Аляксей Лявонаў па стане здароўя не быў на кангрэсе, але напісаў карціну, на якой прырода родных месцаў. Сімвалічны падарунак у Год малой радзімы.

Неўзабаве Мінск стане пляцоўкай для абмеркавання глабальных пытанняў, такіх як развіццё касмічных даследаванняў у свеце, роля Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у развіцці пілатуемай касманаўтыкі і ўнёсак Беларусі ў асваенне касмічнай прасторы.

Вялікі рэпартаж з касмічнага кангрэса глядзіце сёння ў "Панараме".