Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб прысуджэнні прэмій "За духоўнае адраджэнне"

31 декабря 2015

Добрая традыцыя ў навагоднія святы ўзнагароджваць людзей, якія сваёй працай, зрабілі нашу краіну багацейшай духоўна і маральна, павысілі ўзровень гістарычнай памяці народа. Так, Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб прысуджэнні прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. І нам асабліва прыемна, што сярод трыумфатараў і нашы калегі - аўтарскі калектыў дакументальнага серыяла Агенцтва тэленавін "Яны спявалі за Радзіму". Аб лепшых у сваёй справе - Ніна Мажэйка.

5 прэмій "За духоўнае адраджэнне" прысуджана па выніках які адыходзячага 2015-га. Сярод лаўрэатаў і аўтарскі калектыў, стваральнікі кнігі-рэквіема "Жыць і памятаць". Сумеснае гістарычнае расследаванне нашага калегі з міжнароднага вяшчання Беларускага радыё, пісьменніцы Алены Харашэвіч і прафесара Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова.

За захаванне жыцця і здароўя маці і дзяцей узнагароджаны калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і Дзіця". За ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве прэміяй адзначаны і калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. "За духоўнае адраджэнне" адзначаны прадстаўнікі духавенства. Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін і настаяцель рэлігійнай суполкі Святой Тройцы з вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна Чэслаў Курэчка.

Сярод лаўрэатаў спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі калектыў Вялікага тэатра краіны за оперу "Царская нявеста", музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

А таксама вядучыя тэатральныя калектывы краіны, мастакі, скульптары. Усяго 10 спецыяльных намінацый.

Сярод лаўрэатаў і нашы калегі. Гісторыка-дакументальны серыял "Яны спявалі за Радзіму" адзначаны дзяржавай. Асабліва сімвалічна і тое, што ўзнагароду з рук Прэзідэнта каманда атрымае ў дні святкавання 60-гадовага юбілею Беларускага тэлебачання. Агенцтва тэленавін чарговы раз пацвердзіла свой статус - зараз ужо брэндавай структуры Белтэлерадыёкампаніі.

З назвы адразу зразумела. Тэлесерыял пра тых, хто таксама, але па-свойму, ваяваў за Радзіму. Паэты, пісьменнікі, кампазітары. Сціплыя і амаль нікому не вядомыя спевакі з франтавых брыгад Вялікай Айчыннай. Але ўсе яны падарылі музычныя шэдэўры, якія дапамаглі здабыць нам Перамогу. Праект стаў своеасаблівым даследаваннем вех вызвалення праз хіты ваенных гадоў.

Дзесяць серый - дзесяць песень. За кожным куплетам - свая драматычная гісторыя. Як ствараліся шэдэўры, аб іх аўтарах і першых выканаўцах апавядаюць вядомыя артысты. Экспертамі праекта сталі Эдзіта П'еха, Дзмітрый Хварастоўскі, Тамара Гвердцытэлі, Леў Лешчанка. Ад іх гледачы даведаюцца, што цытаты марша "Прощание славянки" скарыстаныя ў хіце "Малиновка". У песенных біяграфіях журналісты АТН знайшлі і беларускі след. "Синий платочек" ўпершыню прагучала ў Мінску ў трыццатых у выкананні музыкантаў Белдзяржджаза.

Гераічныя хіты выканалі дзеці. Хлапчукі з малодшага хору гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі. Будучыя зоркі оперы і дырыжорскай школы. Вялікі тэатр выступіў партнёрам музычнага серыяла.

Пад кожнага запісвалася фанаграма. Такім чынам была створана і ўнікальная фанатэка залатых беларускіх галасоў. У планах - падарыць экраннай гісторыі "Яны спявалі за Радзіму" сцэнічнае жыццё і стварыць самастойны гала-канцэрт.