Гімназія ў Заслаўлі літаральна трашчыць па швах

19 октября 2017

Да праблемы, з якой да нас на гарачую лінію звярнуліся бацькі вучняў заслаўскай гімназіі. Паводле іх слоў, навучальная ўстанова літаральна трашчыць па швах. У адным з навучальных класаў і ў фае трэцяга паверха на даху з'явіліся расколіны. Тое, што перакрыцці небяспечныя, пацвердзілі і спецыялісты. Пакуль канструкцыі ўмацавалі спецыяльнымі падпоркамі. Прызначана экспертыза. І ўсё ж ці гарантуюць гэтыя меры бяспеку дзяцей у школе. Разбіралася Вольга Маслоўская.

Крыло малодшай школы. Ужо некалькі дзён уваход у кабінет, дзе займаўся 2 "А", забаронены. Па швах трашчыць столь. У фае таксама. Бацькі хвалююцца і кожны для сябе вырашае, адпускаць дзіця на ўрокі ці не.

У гімназіі вучацца 720 дзяцей. Будынак пабудаваны 23 гады таму. Капітальнага рамонту не было. Калі па столі трэцяга паверху папаўзлі расколіны, аператыўна выклікалі спецыялістаў.

Кабінет і частка фае, дзе з'явіліся расколіны, абгарадзілі такім вось няхітрым спосабам. Адміністрацыя школы ўпэўненая: у цэлым корпус бяспечны. Так што, у суседнім класе па-ранейшаму ідуць урокі.

Сітуацыю ў гімназіі не замоўчваюць. Бацькоў запрасілі на сход. Праблема на кантролі ў райвыканкаме.

Наколькі сур'ёзна пашкоджаныя пліты перакрыцця, установіць экспертыза. Ужо заўтра спецыялісты з дапамогай прыбораў пачнуць абследаванне канструкцый.

Адміністрацыя раёна ўпэўнівае: у выпадку, калі будынак прыйдзецца зачыніць на рамонт, вучняў на час пераселяць у іншыя школы Заслаўля. Пакуль гімназія працуе ў штатным рэжыме.