Героі Вялікай Перамогі

10 мая 2016

Іх трыумф падзяляюць мільёны. Агульны боль і агульная радасць за людзей, якія выратавалі краіну.

Героі Вялікай Перамогі ў рэпартажы Ілоны Красуцкай. У гісторыі гэта дзень усеагульнай падзякі, якой ніколі не будзе шмат. Дзякуй гавораць кожнаму з тых, хто выжыў. Убачыўшы на вуліцы, іх цалуюць выпадковыя прахожыя, абдымаюць дзеці. Вайскоўцы бяруць пад казырок. І ўжо шэптам - "дзякуй" тым, хто не дажыў да Перамогі. Каму ўжо нельга падарыць букет асабіста ў рукі - кветкі ля манумента. Свята падзякі і сакральная падзея для кожнага - Дзень Перамогі. Роўна 71 год таму нашы бацькі, дзяды і прадзеды высокай цаной абаранілі сваю Радзіму і падарылі ўсім шчаслівую, мірную сучаснасць і будучыню. Сёлета памяць і гонар агульная і персанальная. Акцыя "Беларусь памятае" - фотакарткі з усмешлівымі і маладымі салдатамі Перамогі. У гэты дзень Васіль Сапуноў на плошчы з сынам. У руках - партрэт бацькі. Васіль Міхайлавіч у Вялікую Айчынную служыў у пяхоце, але да Перамогі не дайшоў. Загінуў у 1944-м.

71 мірны год. Кожны ад Перамогі да Перамогі яны змагаюцца з галоўным праціўнікам - часам. І хай у сілу ўзросту і пад цяжарам дзясяткаў медалёў і ордэнаў ужо не зрабіць спіну струной. Але менавіта гэтыя рэліквіі (адбіткі доблесці і бясстрашнасці) на майскім сонцы адлюстроўваюць у вачах радасць Перамогі.

Розныя гарады. Розныя лёсы. Агульны боль і агульны гонар за людзей, якія выратавалі краіну. У Беларусі 14,5 тысячы ветэранаў. Яны нясуць гісторыю ў асабістых успамінах дзецям, унукам, праўнукам… Аб тым, як набліжалі Перамогу і верылі ў мірную гісторыю. Сёння іх трыумф падзяляюць мільёны.

Паводле добрай традыцыі, цэнтральнае мерапрыемства, прысвечанае святочнай даце, адбылося на плошчы Перамогі ў Мінску. На лацканах сотняў тысяч беларусаў "Кветкі Вялікай Перамогі". Сувязь пакаленняў, сімвал росквіту суверэннай Беларусі і ролі Перамогі ў станаўленні і развіцці краіны. Навочная энцыклапедыя для тых, хто, на шчасце, ведае аб Вялікай Айчыннай толькі з аповедаў і кніг.

Абсалютная цішыня. Удары метранома. Памяць аб кожным трэцім загінуўшым. Аб болі і страху жыхароў разбураных 200 гарадоў і 9000 вёсак і сёлаў. Маўчанне даўжынёй у хвіліну… За сотні дзён ратнага подзвігу, барацьбы за жыццё і за краіну. Аб вечнай памяці і болі пакаленняў.

Мы памятаем. Мы вывучылі ўрокі гісторыі. Гэта наша Перамога. Яна не падлягае перагляду! З такім пасланнем да ветэранаў і ўсіх гасцей звяртаецца Прэзідэнт Беларусі.

Афіцыйная цырымонія амаль завершаная, але Прэзідэнт не пакідае плошчу адразу. Вельмі цёплая і шчырая гутарка Кіраўніка дзяржавы з героямі-ветэранамі. Бо з кожным годам іх усё менш. Адгэтуль і галоўны традыцыйны загад Галоўнакамандуючага - жыць і сустракаць кожны новы Дзень Перамогі разам у здароўі.

У гэтыя майскія дні, каб убачыць свята на свае вочы, у Мінск прыехалі госці з усяго свету. Адзінства нацый і пакаленняў - няйначай, як сведчанне таго, што мы памятаем і ганарымся гэтай агульнай Перамогай.

Адной з першых удар нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыняла на сябе Брэсцкая крэпасць. Да святой зямлі сёння кладуцца кветкі і схіляюцца калены. Разам з ветэранамі ў цытадэль праходзіць "Бессмяротны полк". Фатаграфіі герояў нясуць нашчадкі.

Буйніцкае поле. Менавіта тут у 1941-м савецкія войскі стрымлівалі націск фашысцкай арміі. 23 дні чырвонаармейцы і жыхары Магілёва трымалі абарону. Ушанаваць памяць і пакланіцца іх подзвігу сюды прыйшлі сотні людзей.

Перамогі ў няроўным баі, перамогі, загадзя асуджаныя на паражэнне і ўсё-такі здабытыя. Адна з іх - прарыў партызанамі фашысцкай блакады ва Ушацкім раёне ў маі 1944-га. Аб дзейнасці народных мсціўцаў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны напісаныя кнігі. У 1974 годзе на месцы гераічных падзей быў узведзены мемарыяльны комплекс "Прарыў". Сёння ён адчынены пасля маштабнай рэканструкцыі. Абноўлены мемарыял уключаны ў турыстычныя маршруты Беларусі.

Пазбаўленні і голад. Франтавое жыццё. Але ў іх верылі і чакалі. У Гомелі святочныя мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі пачаліся з урачыстага шэсця, удзел у якім прынялі больш як 8 тысяч чалавек. Гэта своеасаблівы рэкорд. Таксама гамяльчане і госці горада маглі ўбачыць бой, які аднаўляе падзеі мая 1945-га. Каб паказаць бітву, у Гомель прыехалі рэканструктары з Беларусі і Расіі.

У Гродне лакацыя свята - сімвал мужнасці і гераічнасці савецкіх салдат - Курган Славы. Тут адкрылі новы і, бадай, самы вялікі комплекс у вобласці - копію абарончай лініі імя генерала Дзмітрыя Карбышава. Усё зроблена па архіўных дакументах і чарцяжах. Дакладнасць выканання адзначылі і самі ветэраны.

Нашы пераможцы. Нашы ветэраны. Героі мінулага, сучаснасці і вечная памяць у будучыні. Безумоўна, для іх - галоўных гледачоў - сотні канцэртаў і святочных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. На плошчы Перамогі ў Мінску адбыўся канцэрт, які так і завецца "Плошча Перамогі". Песні ваенных гадоў, якія ўжо даўно сталі класікай, у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра.

Увечары 9 Мая неба над Беларуссю размалявана ў іх гонар. Восем святочных салютаў асвяцілі неба над Мінскам, а таксама ва ўсіх абласных цэнтрах роўна ў дзесяць вечара. У беларускай сталіцы ўпершыню сёлета святочныя залпы раздаліся з паркаў Горкага і Янкі Купалы.

Яркае неба - чарговая падстава захаплення героямі Перамогі, якім трэба выканаць яшчэ адну галоўную місію - сустрэць наступны юбілей Вялікай Перамогі.