Генеральны сакратар АБСЕ прыме ўдзел у міжнародным форуме ініцыятывы "Мінскі дыялог"

14 мая 2018

Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер прыме ўдзел у міжнародным форуме ініцыятывы "Мінскі дыялог".

23 мая ў беларускай сталіцы збяруцца 350 экспертаў з 40 краін. Тэма сустрэчы - "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх". Удзельнікі абмяркуюць рэгіянальныя пытанні бяспекі.

Дзяніс Мельянцоў, каардынатар праграмы "Знешняя палітыка Беларусі" экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог": "Мы плануем і агульнатэарэтычныя секцыі, якія датычацца змены міжнароднага парадку, міжнародных адносін, якім чынам фарміруюцца міжнародныя арганізацыі. Таксама мы разгледзім вельмі практычныя пытанні, напрыклад, як выконваюцца мінскія пагадненні па Украіне, якім чынам здзяйсняецца кантроль за ўзбраеннямі ў Еўропе, як праходзіць санкцыйная вайна паміж Расіяй і Захадам і наколькі гэта адбіваецца на нашай краіне і рэгіёне ў цэлым".

Некалькі дыскусій будуць прысвечаныя эканоміцы і перспектывам узаемаадносін паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС.