Генеральныя прагоны пройдуць у сталіцы ля абеліска "Мінск - горад-герой" 23 і 28 чэрвеня

14 июня 2018

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да святочных мерапрыемстваў Дня Незалежнасці. Цэнтральнай падзеяй стане парад. У гэтыя хвіліны каля стэлы "Мінск - горад герой" у самым разгары трэніроўка роты ганаровай варты. І як ні старалася надвор'е ўнесці карэктывы ў планы вайскоўцаў (некалькі гадзін таму ў Мінску прайшоў невялікі дождж, згодна з прагнозамі, імавернасць ападкаў 99 %), не выйшла. Усё дакладна і па графіку, як і чаканны крок, а таксама рухі, даведзеныя да аўтаматызму.

Арганізатары парада абяцаюць яркую падзею, а рота ганаровай варты гатовая здзівіць новымі элементамі. Праўда, многія з іх пакуль трымаюцца ў сакрэце. Рэпетыцыі пешых разлікаў пройдуць каля абеліска яшчэ 18 і 21 чэрвеня з 9 і да 11 вечара. Адзначым, летась трэніроўкі пачыналіся і заканчваліся на гадзіну пазней. Магчыма, вайскоўцы ўлічылі павышаную цікавасць гледачоў, якія сочаць за падрыхтоўкай, і адкарэктавалі час рэпетыцый.

Генеральныя прагоны пройдуць у сталіцы ля абеліска “Мінск - горад-герой" 23 і 28 чэрвеня. Час пачатку - 22:00. Аўтамабілістам гэтымі днямі трэба разлічыць свой маршрут. Частку праспекта Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў закрыюць для руху транспарту.