Генеральная рэпетыцыя мітынгу-рэквіема ў Трасцянцы

28 июня 2018

На тэрыторыі новага аб'екта комплексу "Трасцянец" "Благаўшчына" праходзіць генеральная рэпетыцыя мітынгу-рэквіема. Новы аб'ект знаходзіцца за паўтара кіламетра ад былога канцлагера. Архітэктурныя рашэнні парку сімвалічныя. "Апошні шлях" пачынаецца з пляцоўкі так званага чакання - на плітах каменныя лавы, "Плошча жыцця" з пакінутымі чамаданамі. А далей праз бетонавыя канструкцыі, якія нагадваюць вагоны, дарога прыводзіць да "Плошчы смерці". Тут заўтра і адбудзецца мітынг-рэквіем. Адмысловую атмасферу мастацкімі сродкамі створаць харэаграфічныя, харавыя і акцёрскія калектывы - больш як 2 сотні артыстаў.

Ніна Осіпава, рэжысёр: "Гэта "Дарога жыцця". Сюды прыязджалі людзі, тут пакідалі свае рэчы. Тут будуць усталёўкі з кінутых чамаданаў, праз якія прараслі кветкі. І ўжо перад могілкамі - там, дзе адбудзецца мітынг, будуць выступаць харавыя калектывы. Музыкі будзе няшмат. Усё і так сказана. Прагучыць Моцарт, спіс Шындлера - зводны ансамбль скрыпачоў. І як фінал - ускладанне кветак да памятнага знака".

Падчас вайны ў вёсцы Трасцянец быў найбуйнейшы ў Еўропе канцлагер. У ім загінулі больш як 200 тысяч чалавек. Менавіта ўрочышча Благаўшчына выбралі для знішчэння зняволеных. Зараз завяршаюць першы этап будаўніцтва мемарыяльнага парку. "Благаўшчына" будзе займаць плошчу ў 43 гектары. Паступова тут з'явяцца новыя кампазіцыйныя элементы.