Генеральная пракуратура ўзмоцніць барацьбу з карупцыянерамі

2 августа 2013
Аб гэтым заявілі сёння на аператыўнай нарадзе. Нагадаем, напярэдадні Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў працу ведамства ў гэтым кірунку. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пракуроры павінны больш надаваць увагі гэтаму пытанню. У прыватнасці, ніводная невінаватая асоба не павінна быць прыцягнута да адказнасці, а злачынцы не павінны сысці ад пакарання. І ўжо сёння пракуроры змаглі вызначыць найболей уразлівыя ў ведамстве месцы. Якім варта надаваць асаблівую ўвагу.


Расказвае Дзмітрый Лукша. Сённяшняя аператыўная нарада ў сценах Генпракуратуры - гэта толькі першы крок у вялікай працы над памылкамі. Менавіта сёння абмеркавалі і азначылі план - як у будучыні не дапусціць агучаных напярэдадні Кіраўніком дзяржавы пралікаў у дзейнасці ведамства. Адной з задач на найбліжэйшы час стане наладжванне больш цеснага супрацоўніцтва з падраздзяленнямі праваахоўных органаў. У тым ліку - Следчым камітэтам.У цэлым, як паказвае статыстыка, за апошнія тры гады паслядоўнікаў Астапа Бэндэра з легендарнымі рогамі і капытамі становіцца ўсё менш. Праўда, некаторыя эксперты звязваюць гэта з іншым. Ашуканцы становяцца больш вынаходлівымі - і як следства - больш сквапнымі. Апошнім гучным прыкладам стала дзейнасць адной са сталічных фірм па адмыванні грошай - так званай фінкі. Намаганнямі жулікаў міма дзяржаўнай казны прайшло каля 10 мільярдаў рублёў. Самае дзіўнае, што ўсю суму аферысты спрабавалі вывезці за межы краіны.Праводзіць працоўную рэстаўрацыю пракуратуры вырашылі з асноў. У першую чаргу ацэняць працу ў рэгіёнах. У прыватнасці, эфектыўнасць прызначаных антыкарупцыйных камісій. І ўзровень прафілактычнай працы. Канкрэтна - плануецца праводзіць адпаведныя гутаркі непасрэдна на прадпрыемствах. Усё-такі самым дзейсным спосабам застаецца старая ісціна - злачынства лягчэй папярэдзіць, чым расследаваць.Варта адзначыць, што толькі за год намаганнямі жулікаў з краіны было вывезена больш за 2 трыльёны рублёў. Сума каласальная. Зразумела, што гэтыя грошы маглі пайсці на патрэбы радавых беларусаў. Верагодна таму, на думку пракурораў, зацягваць з фактычным рашэннем гэтых пытанняў нельга. Бо сквапнасць некалькіх чалавек можа дорага каштаваць шматлікім людзям.