ДАІ сочыць за самаадчуваннем вадзіцеляў у спякоту

11 июня 2019

Незвычайна гарачае надвор'е ўстанавілася ў Беларусі. Сёння па краіне - да 34 цяпла. ДАІ сочыць за самаадчуваннем вадзіцеляў. На дарогах дзяжураць патрульныя аўтамабілі. Супрацоўнікі праводзяць прафілактычныя гутаркі з вадзіцелямі, даюць рэкамендацыі па кіраванні ў гарачае надвор'е, нагадваюць пра магчымую млявасць і санлівасць у шляху, а таксама дораць аўтааматарам ваду.

Любоў Трапашко, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Маскоўскага РУУС г. Мінска: "Перад выездам праветрыць салон аўтамабіля, праверыць тэхнічны яго стан, асабліва сістэму астуджэння, узяць з сабою дастатковую колькасць вады. І калі вадзіцель адчуў сябе блага, трэба спыніцца і звярнуцца па дапамогу да медыкаў".

Высокая тэмпература ўплывае не толькі на самаадчуванне вадзіцеляў, але і на дарожнае пакрыццё: на некаторых участках можа плавіцца бітум, што робіць дарогу слізкай. ДАІ рэкамендуе захоўваць бяспечную дыстанцыю.