ДАІ заклікае стаць больш прыкметным на дарозе дзеля асабістай бяспекі

19 ноября 2019
Стаць больш прыкметным на дарозе  дзеля асабістай бяспекі. Да гэтага заклікаюць супрацоўнікі ДАІ. Апошнія дні пачасціліся выпадкі ДТЗ з удзелам пешаходаў.

Самае простае правіла - пазначыць сябе флікерам, каб вадзіцелі загадзя заўважылі таго, хто ідзе ў цёмны час сутак уздоўж трасы ці пераходзіць дарогу па нерэгулюемым пераходзе. У найбліжэйшыя дні дарожныя міліцыянеры ўзмоцняць кантроль за пешаходамі, у тым ліку паблізу школ і ў дварах. Правераць і выкарыстанне вадзіцелямі блізкага святла фар у цёмны час сутак. Правілы зімовага рэжыму на дарогах  у Ільі Цвяткова.

Дарога ад дома да школы  для Арсенія Герасімовіча  добра знаёмая. Але нават на звыклым маршруце часам могуць здарацца непрадказальныя сітуацыі, а значыць пільнасць і ўвага  не будуць лішнімі. Таму маці Яўгенія час ад часу праводзіць для сына дадатковы ўрок бяспекі - вучыць Арсенія асновам дарожнай граматы.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі звяртаюць увагу, што самае простае правіла бяспечнага дарожнага руху, асабліва ў цёмны час сутак і ў непагадзь,  - стаць больш прыкметным. На гэтым тыдні інспектары правераць маленькіх і дарослых пешаходаў на ўменне арыентавацца на дарозе ў цёмны час сутак. Дарожныя міліцыянеры з самага ранку будуць дзяжурыць каля навучальных устаноў, а таксама паблізу ажыўленых пешаходных пераходаў. 

Мікалай Гулевіч, інспектар ДПС АДАІ Маскоўскага РУУС г. Мінска: "У сувязі з тым, што хутка чакаецца выпадзенне ападкаў у выглядзе мокрага снегу і дажджу, пешаходам трэба быць максімальна ўважлівымі пры пераходзе пешаходных пераходаў, бо дарожнае пакрыццё будзе ўжо зусім іншым".

У складанай дарожнай сітуацыі пешаходу і аўтааматару лепш убачыць адзін аднаго загадзя. Вось тут і патрэбны флікеры  на вопратцы, сумках і рукзаках. Пры ўключаных блізкіх фарах  святлоадбівальныя элементы можна заўважыць за 400 метраў. Вадзіцелю гэтага дастаткова, каб своечасова зрэагаваць.

Правільнае выкарыстанне светлавых прыбораў і захаванне хуткаснага рэжыму з боку вадзіцеляў  не з'яўляецца гарантыяй бяспекі на праезнай частцы. Ні тым, хто знаходзіцца за рулём, ні тым, хто па той бок, не варта забываць пра так званыя дарожныя пасткі, у якія трапляюць вадзіцелі і пешаходы. Часцей за ўсё гэта адбываецца каля пешаходных пераходаў.

Пасткамі супрацоўнікі ДАІ называюць сітуацыі, калі пешахода, які ступіў на зебру, складана заўважыць  з-за прыпаркаваных не па правілах аўто. 

За сітуацыяй каля нерэгулюемых пешаходных пераходаў  асаблівы кантроль. У першы раз парушальнікі могуць абмежавацца папярэджаннем. Пры паўторным парушэнні аўто эвакуіруюць на штрафстаянку, а вадзіцелю прыйдзецца заплаціць 25 рублёў.