ДАІ заклікае насіць флікеры

6 октября 2018

Стань прыкметным! З такім заклікам супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі звяртаюцца да пешаходаў і веласіпедыстаў. Традыцыйна, калі рана пачынае цямнець, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў павялічваецца. Падчас агульнарэспубліканскай акцыі праведзеныя прафілактычныя рэйды, у пешаходаў і аматараў экатранспарту праверана наяўнасць флікераў. Менавіта гэты элемент у большасці выпадкаў дапамагае прадухіліць аварыю. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Гэтыя кадры былі зняты на відэарэгістратар літаральна некалькі дзён таму, і толькі дзякуючы неверагоднай рэакцыі вадзіцеля атрымалася пазбегнуць сутыкнення і, відавочна, сур’ёзных наступстваў ДТЗ. Аднак, калі б гэта адбылося ўвечары ці ўначы, сітуацыя магла скласціся інакш.

Пераход дарогі або праезд, як на папярэднім відэа, на чырвоны сігнал святлафора ў непрызначаным для гэтага месцы і без спецыяльнага абазначэння, флікераў, - асноўныя прычыны ДТЗ з удзелам пешаходаў.

Сярод усіх удзельнікаў дарожнага руху ён (пешаход) самы неабаронены, таму грэбаваць уласнай бяспекай - значыць рызыкаваць жыццём.

Нярэдкія, на жаль, і выпадкі дзіцячага траўматызму. Таму сустрэчы са школьнікамі сёння не выключэнне, а правіла. Пасля такіх інфармацыйных гадзінак насіць флікеры, пераходзіць дарогу па "паласатай сцежцы" і выключна на зялёны становіцца добрай звычкай.

Пры вялікай разнастайнасці такіх ахоўных "светлячкоў" - у продажы ёсць і чырвоныя, і зялёныя розных формаў і памераў - варта выбіраць усё ж такі белы або жоўты колер. Такія флікеры маюць найбольш аптымальную святлоадбівальнасць і гарантуюць: пешаход будзе абавязкова бачны здалёк.

Пад пільны кантроль дарожных міліцыянераў на гэтым тыдні трапілі найбольш аварыйныя месцы. Увагу удзельнікаў дарожнага руху звярталі на скарачэнне светлавога дня, што ўвосень часта правакуе ўзнікненне аварый.

Добрасумленным пешаходам падчас акцыі падаравалі флікеры. Аднак жа варта памятаць, калі такі "прэзент" забыць дома другі раз, можна атрымаць штраф да 73,5 рубля.