ДАІ бярэ на ўзбраенне інтэлектуальныя тэхналогіі

19 апреля 2013

Цяпер кантраляваць парушэнні правілаў дарожнага руху будуць электронныя вочы. Для чаго патрэбна новая тэхніка, дзе і як яна будзе працаваць?


Аляксей Кандраценка ацаніў дарожную сітуацыю ў Мінску. Электроннае вока на скрыжаванні Казлова і Платонава добра знаёмае сталічным аўтааматарам. Гэтая відэакамера - першая ў Мінску аўтаматызаваная сістэма кантролю над парушэннямі правілаў дарожнага руху.


Дзмітрый Навой, начальнік аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама: Пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме, і мы не прыцягваем вадзіцеляў да адказнасці. Аднак цікавы факт: на перакрыжаванні Казлова-Платонава, хоць мы і не прыцягвалі вадзіцеляў да адказнасці, аварыйнасць знізілася на 40%. Хутчэй, на ўдзельнікаў руху падзейнічала прафілактычная мера, а не карная.


Учора ў сталічнай ДАІ з'явіліся яшчэ тры электронныя памочнікі. Адну з камер фотавідэафіксацыі ўсталявалі ў раёне плошчы Перамогі. Зноў у якасці тэста. Такая сістэма здольная зафіксаваць не толькі парушэнні хуткаснага рэжыму, але і праезд на чырвоны сігнал святлафора, а таксама, напрыклад, той момант, калі вадзіцель рухаецца па паласе грамадскага транспарту.


Дзмітрый Навой, начальнік аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама: Заканадаўча ў нас зараз вызначаная адказнасць вадзіцеля толькі за парушэнне хуткаснага рэжыму, зафіксаванае з дапамогай камер фотавідэафіксацыі. Таму пакуль гэта тэставы рэжым. Аднак мы плануем змяняць заканадаўства і прыцягваць вадзіцеляў за праезд на чырвонае святло, выезд на паласу грамадскага транспарту, небяспечнае манеўраванне, якія выяўленыя камерамі фотавідэафіксацыі. 


А вось на Мінскай кальцавой за перавышэнне хуткасці, якое выявілі сістэмы кантролю, ужо караюць. Пакуль комплексы фотафіксацыі на МКАД мабільныя, але ўлетку яны стануць стацыянарнымі. Усяго пяць пунктаў і сем камер.


Таццяна Харлінская, кіраўнік прэс-службы ДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама: Такія аўтаматызаваныя сістэмы кантролю вельмі важныя. Так гэта не толькі імідж сталічнай ДАІ як структуры, якая пераймае міжнародны вопыт і ўкараняе новыя тэхналогіі. Гэта і бяспека дарожнага руху. Мы плануем, што дзякуючы такім комплексам аварыйнасць у Мінску будзе паніжаная на 28%. 


З 2014 года да функцый камер ДАІ дадасца і ідэнтыфікацыя аўтамабіляў у вышуку і машын, якія не прайшлі дзяржтэхагляд.