Выязныя прыёмы дзяржслужачых у рэгіёнах запатрабаваныя і зручныя для людзей. Такое меркаванне сёння выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта. Рыгор Шлык сёння правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Бярозаўскім райвыканкаме. Са сваімі пытаннямі да яго звярнуліся больш як 2 дзясяткі чалавек. Сітуацыі ў людзей розныя: хтосьці сутыкнўся са складанасцямі ў працаўладкаванні, выплаце запазычанасці па зарплаце, жыллёвымі праблемамі, спадчыннымі спрэчкамі. Былі і тыя, хто паднімаў пытанні грамадскага характару. Ала Кісялевіч звярнулася з пытаннем аб выдзяленні арэнднага жылля. Жанчына з 2012 года стаіць ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў па месцы працы. Было адмоўлена па прычыне пастаноўкі на чаргу не па месцы жыхарства, а па месцы працы. Пытанне ўзялі на кантроль.
Рыгор Шлык, начальнік галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:
"Выязныя прыёмы грамадзян вельмі запатрабаваныя. Гэта аналіз не толькі Адміністрацыі Прэзідэнта. Па нашым даручэнні сацыялагічныя службы вывучылі гэта пытанне. Больш як 60% грамадзян адзначаюць, што такая форма зносін з насельніцтвам найбольш запатрабаваная і зручная для людзей. Не людзі з Пінска, Кобрына, Бярозы адпраўляюцца ў Мінск, а мы, дзяржслужачыя, едзем на месцы".
Па словах Рыгора Шлыка, у 2020 годзе пастаўлена задача ахапіць выязнымі прыёмамі ўсе рэгіёны краіны. А гэта 118 раёнаў.