Французскі падарожнік-аматар завітаў у Беларусь

14 апреля 2018

Пераадолець тысячу кіламетраў на веласіпедзе, каб ажыццявіць даўнюю мару - пакарыць самую высокую вяршыню Еўропы Эльбрус. Такую мэту паставіў перад сабою французскі падарожнік-аматар Крысціян Масіа. Ужо больш за месяц вандроўнік працягвае падарожжа і зараз завітаў у Беларусь. У Гродзенскай вобласці велатурыст плануе затрымацца на некалькі дзён. Маршрут складзены так, каб пазнаёміцца з гістарычнымі мясцінамі, пагутарыць з жыхарамі і, вядома, пакаштаваць беларускія нацыянальныя стравы. Уражанні, прызнаецца замежны госць, толькі самыя станоўчыя. У першы дзень падарожжа па рэгіёне быў запрошаны на паляванне, пакаштаваў мясцовыя сыры і каўбасы.

Дарэчы, сваё падарожжа француз ажыццяўляе на веласіпедзе, які сам змайстраваў. Выехаў з Нармандыі паўтара месяцы таму. За гэты час пераадолеў тэрыторыю Германіі і Польшчы. У дзень праязджае прыкладна 80 кіламетраў. Пра сваё падарожжа Крысціян Масіа плануе зрабіць вялікую фотасправаздачу. Гаворыць, візіт у Беларусь будзе мець у ёй годнае адлюстраванне. Канчатковая мэта велатурыста - пакарыць самую вялікую вяршыню Еўропы. Туды, за тысячы кіламетраў, і накіроўваецца рамантычны вандроўнік.