ФПБ прапануе ўраду ўрэгуляваць пытанні платы за інтэрнаты

29 марта 2018

Пра гэта заявіў сёння падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства "Белшына" старшыня федэрацыі Міхаіл Арда. Паводле яго слоў, пачасціліся звароты грамадзян па пытаннях істотнага росту аплаты паслуг пражывання. Разам з тым, на думку кіраўніка федэрацыі, гэта не адказвае галоўнаму прынцыпу - цэны павінны ісці за зарплатай. Пра гэта гаворыць і так званы народны маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі, які праводзяць прафсаюзы па краіне са жніўня мінулага года.

Міхаіл Арда, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Апроч таго што было планавае павелічэнне аплаты за камунальныя паслугі каля 7 %, сёння ўвялі дадатковую аплату за карыстанне памяшканнямі, інтэрнатамі. І сёння рост проста каласальна вялізны. Ён даходзіць да 90 %. Безумоўна, мы лічым, што гэтае не ўзважанае рашэнне, якое прынята было мясцовымі органамі кіравання. І звернемся да ўрада, каб урад умяшаўся ў гэта пытанне і адрэгуляваў".

Летась дзякуючы ўмяшанню федэрацыі таксама ўдалося знізіць неабгрунтаваны рост цэн на малочную прадукцыю і шэраг прадуктаў харчавання.