Фоталетапіс нацыянальнай гісторыі ў фармаце 40 на 60

11 декабря 2013

Да 95-годдзя Беларускага тэлеграфнага агенцтва фотакарэспандэнты галоўнага інфармбюро краіны падрыхтавалі экспазіцыю. У яе ўвайшлі негатывы з фондаў БелТА з 1919 па 1991- ад аб'яўлення Беларускай ССР да падпісання дагавора ў Віскулях. У Нацыянальны гістарычны музей прыйшлі не толькі прафесіяналы, але і аматары. Эксклюзіўны збор разам з першымі наведвальнікамі ўбачыла Ніна Мажэйка.



Такое ўбачыш толькі ў раздзеле Маланка або Тэрмінова. Для фотакарэспандэнтаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва дэталі маюць значэнне - міміка, жэсты… Народны пісьменнік не з падручніка, а з цыгарэтай, кранаўшчык у рабочых пальчатках, які выглядае як сучасны алімпійскі чэмпіён, і нават надпіс на школьнай дошцы 43-га года.


Дзмітрый Жук, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва: На самай справе было вельмі складана выбраць 40 прац з той колькасці, што ў нас ёсць. Хацелася паказаць гісторыю, хацелася паказаць твары людзей, хацелася паказаць эмоцыі, хацелася паказаць настрой, з якім будавалася наша краіна.


Асноўная частка белтаўскіх негатываў захоўваецца ў Нацыянальным архіве фотадакументаў. Сёння іх амаль 63 тысячы. Усе яны маюць лічбавыя варыянты. Поўны збор налічвае каля мільёна эксклюзіўных здымкаў з пазнакай БелТА.


Спецыялісты адбіралі самыя прыкметныя гістарычныя ракурсы. Каб стаць часткай галерэі візуальных выяў, фатаграфіі прайшлі ўмоўны кастынг, абыходзячы тысячы негатываў з фондаў БелТА. Эксклюзіўная фотаэкспазіцыя яшчэ і таму, што ўпершыню фатаграфіі рэпарцёраў можна ўбачыць у шырокім фармаце 40 на 60.


Звычайна яны за кадрам, але сёння ў гонар юбілею зрабілі выключэнне. Ад вугла іх аб'ектываў залежыць, якой будзе чарговая старонка гісторыі. Наталля Аблажэй і Максім Гучак камеру трымаць умеюць. Галоўнае для іх - аператыўнасць. Карэспандэнты БелТА працуюць нават тады, калі адпачываюць.


Фотапраект умоўна падзялілі на два перыяды. Другая частка юбілейнай экспазіцыі, якая ахоплівае падзеі сучаснай гісторыі суверэннай рэспублікі, з'явіцца ў Музеі беларускай дзяржаўнасці.