Мінчанін без спецыяльнай адукацыі, вопыту працы ў кіно і падтрымкі прафесіяналаў зняў фільм. Новая стужка ўжо заняла нішу, што пустуе на нашым відэарынку, - маладзёжнага серыяла. Прэм'ера прайшла ў сталіцы ў закрытым фармаце.
Расказвае Іна Пілевіч. Замест куплі трохпакаёвай кватэры зняў кіно. Фатограф-самавучка з 8-гадовым стажам усе свае зберажэнні ўклаў у фільм. Інжынер і менеджар па двух дыпломах Дзмітрый Якунін стаў сам сабе рэжысёрам, аператарам, відэаінжынерам і прадзюсарам. Новыя для сябе спецыяльнасці асвоіў самастойна па ходзе працэсу. Усе кадры здымаў на фотаапарат.
Падчас кастынгу набраў каманду такіх, як сам, прафесіяналаў і не вельмі. Замахнуўся не проста на поўны метр, а паўнацэнны маладзёжны серыял. У здымках задзейнічалі больш за 70 акцёраў і каля 30 лакацый. У кадры дэкарацыямі служаць пейзажы сталіцы.
Сезон ідэй - гэта тры з паловай гадзіны ля экрана ці 8 серый па 25 хвілін. Па сюжэце крэатыўнае агенцтва-студыя Граблі на шляху да поспеху рэгулярна наступае на граблі. Што ні серыя, то каларытны кліент, нестандартны заказ і неверагодная ідэя.
Вадзім Лявоненка, акцёр: Розныя тыпажы, розныя гісторыі, абсалютна розныя героі. І я думаю, што гэты серыял у асноўным будзе арыентаваны на моладзь.
Дарэчы, першы крытык і глядач серыяла - Міністэрства культуры. Маладзёжная сага Сезон ідэй атрымала пракатнае пасведчанне з рэйтынгам PG 14. Гэта значыць, што стужку могуць глядзець дзеці да 14 гадоў у суправаджэнні бацькоў. Жорсткія словы і занадта адкрытыя сцэны адсутнічаюць.
Серыял Сезон ідэй здымалі літаральна за ідэю. Пакуль у фільма няма заказчыка, карціну прэзентавалі для прэсы і сваіх. Рэжысёр-самавучка спадзяецца прадаць свой відэапрадукт рускамоўным тэлеканалам постсавецкай прасторы.














