Форум Магчымасці без межаў у Мінску

1 октября 2014

Пажылыя людзі хочуць самі арганізоўваць свой вольны час і весці актыўны лад жыцця, а таксама аб'ядноўвацца ў групы ўзаемадапамогі. Каля 40% апытаных гатовыя праявіць ініцыятыву ў іх арганізацыі. Такія звесткі соцдаследавання Беларускага Чырвонага Крыжа. Зараз гэта таварыства рэалізуе праект па пашырэнні магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Сваім вопытам сёння ў Мінску падзяліліся прадстаўнікі ініцыятыўных груп Чырвонага Крыжа на форуме Магчымасці без межаў, прысвечаным Міжнароднаму дню пажылых людзей.


Кацярына Прысяжнюк, менеджар праекта Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа: Праект рэалізуецца ў асноўным у Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Зараз у нас існуе амаль 64 групы пажылых людзей, якія аб'ядноўваюць каля 1500 чалавек. Асаблівасцю нашай працы з'яўляецца тое, што пажылыя людзі самі вырашаюць, чым ім займацца, самі актыўна вырашаюць свае праблемы, самі перадаюць запыты ў мясцовыя органы ўлады і сумесна арганізуюць свой вольны час.


Удзельнікі форуму падрыхтавалі і выставу. На стэндах вырабы ручной працы, карціны, сувеніры з саломкі і бісеру - вынік творчасці пажылых людзей з ініцыятыўных груп Чырвонага Крыжа.