Фантаны сталіцы рыхтуюцца распачаць сезон

13 Красавіка 2017

Музычныя, святлодынамічныя і каскадныя – фантаны сталіцы рыхтуюцца распачаць сезон. Сёлета зацурчаць 34 водныя крыніцы. Кожная мае свае асаблівасці: у вадамёта “Сталіца” самая складаная падземная сістэма, якая размяшчаецца на глыбіні 20 метраў, вадамёт ля Тэатра оперы і балета – самы вялікі, яго плошчу складаюць 10 каскадаў, ужо ў пятніцу запрацуе фантан-шырма. Адзіны ў горадзе, які адной струёй стварае візуальны эфект веера. Напярэдадні адкрыцця гарадскія крыніцы пратэсціравала Юлія Токар.

Тры бронзавыя буслы, шкляны сферычны купал і выявы гербаў – кампазіцыя гэтай дэкаратыўнай крыніцы не толькі ўпрыгожвае падземны гандлёвы цэнтр, а ўсю плошчу Незалежнасці. Але ж мала хто ведае, што сэрца бурлівай крыніцы знаходзіцца на глыбіні 20 метраў.

Фантан і самы тэхнічна складаны. Серабрыстыя пырскі бурляць праз 800 адмысловых насадак. Вада да іх паступае з 60 помп. Падчас зімовай паўзы трубаправоды аднавілі, фарсункі прамылі, каб у красавіку струмені забілі з новай сілай.

Усе 34 водныя крыніцы рыхтуюць да новага сезона – рэзервуары і гранітныя скульптуры ачышчаюць ад пяску і пылу.

Апошні тэст-драйв прайшла і сінхранізацыя святла і музыкі на фантане з амфітэатрам. Аўтаматычная сістэма з відэакамерамі дазваляе кіраваць вадамётам дыстанцыйна.

Пад гукі джаза пенныя струмені нібыта затанцавалі ва ўнісон. Вада плаўна апускаецца і падымаецца ад 50 сантыметраў да 8 з паловай метраў. Такі святлодынамічны танец з першых акордаў прываблівае прахожых.

Новы сезон, а значыць новыя водныя адкрыцці. Сёлета водных крыніц заб’е больш.

А зараз пратэсціруем абноўлены фантан-шырму. Уручную запускаем усе тры помпы, атрымліваецца сапраўднае шоу. Водная феерыя нагадвае хвост паўліна. Такі візуальны эфект стварае літаральна адна бруя.

Фантан на вадзе, з амфітэатрам альбо каскадны – кожная з 34 бурлівых крыніц адрозніваецца сваёй тэхнічнай магчымасцю і адмысловым візуальным эфектам. Новы пенны сезон фантаны пачнуць ужо заўтра а 6-й гадзіне вечара ля Тэатра оперы і балета.